Фотавыстава знакамітага руйнавальніка савецкіх канонаў адчынілася ў Менску
У Менску адчынілася выстава фотаграфікі вядомага літоўскага мастака, фатографа і выдаўца Рымантаса Дыхавiчуса. Гэты чалавек 22 гады таму выпусьціў першы ў Савецкім Саюзе эратычны альбом.
Адкрыцьцё выставы
Але ў Менску і на прасторах былога Савецкага Саюзу яго ведаюць як бунтара. Дыхавiчус парушыў усе савецкія табу і выдаў у 1987 годзе альбом эратычных фотаздымкаў «Кветкі сярод кветак». Гэта быў першы альбом з фотаздымкамі аголеных натуршчыц на фоне прыроды.
У тыя часы тэма эротыкі была забароненая. Але Дыхавiчус здолеў нават прэзэнтаваць альбом на кніжнай выставе ў Маскве, дзе нічога больш неадназначнага ўбачыць было проста нельга. Цяпер фотамастак добра вядомы і паважаны як у Літве, так і за яе межамі.
Рымантас Дыхавiчус (у цэнтры) у час адкрыцьця выставы
Як адзначыў амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, «Рымантас Дыхавiчус уяўляе сабой цэлую эпоху ў фатаграфіі».
Дыхавічус прывёз у Менск свае працы ў жанры фотаграфікі. Фотаздымкі, якія зараз выстаўляюцца ў Менску, былі таксама ўключаныя ў альбом «Видения». Альбом быў з захапленьнем прыняты на Франкфурцкім кніжным кірмашы.
Аўтар застаецца верным сваёй галоўнай тэме — жаночаму целу. Фотакарцiны Дыхавічуса вылучаюцца шматслойнасьцю і лiрычнасьцю. Іх сымболiка пераплаўленая аўтарам у непаўторны сьвет формаў i колеру.
«Сапраўднае мастацтва ня мае межаў. Гэта адоранасьць, пашырэньне сьвету. Чалавеку заўжды цесна ў сваім жупане, у сваёй абмежаванай прасторы», — кажа Дыхавічус.
Але цяпер Дыхавічус ўсё больш зьвяртаецца, як ён сам кажа, «да фарбаў і пэндзлю». Яшчэ адна галіна дзейнасьці літоўскага мастака — выдавецтва. У год ён выдае некалькі альбомаў у якія, бывае, уключае працы беларускіх майстраў аб’ектыву.
Выстава працуе да 5 траўня ў памяшканьні галерэі «Мастацтва» (пр. Незалежнасьці, 12). 16 красавіка ў 11:00 сустрэча з аўтарамі і іншымі фотамастакамі ў залі галерэі «Мастацтва».
Фота Aliaksei Siadura