Міністар адукацыі Радзькоў: Беларусь будзе далучацца да Балоньскага працэсу, бо гэта не закране ідэалёгію

Нечаканую заяву зрабіў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Паводле яго словаў, у Беларусі рыхтуюцца да таго, каб афіцыйна ўвайсьці ў Балоньскі працэс, бо гэта не закране ідэалёгію беларускай адукацыі.

На дадзены момант Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая не далучылася да працэсу стварэньня супольнай эўрапейскай адукацыйнай прасторы.

«Мы заўсёды імкнуліся сваю сыстэму адукацыі падвесьці пад эўрапейскую мадэль. Мы працуем над тым, каб афіцыйна ўвайсьці ў Балоньскі працэс, таму што мы адчулі, што гэта не закране структуру, зьмест, ідэалёгію нашай адукацыі», — цытуе словы Радзькова БелаПАН.

У 1999 годзе ў Балоньі сустрэліся міністры адукацыі 30 эўрапейскіх краінаў. Мэта, якую яны паставілі перад сабой – стварэньне Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. З таго часу, калі была падпісаная дэклярацыя, гэты працэс атрымаў кароткі назоў «Балоньскі працэс».

На сустрэчы міністры дамовіліся аб стварэньні агульнай сыстэмы ступеняў у вышэйшай адукацыі (ступень бакаляўра і магістра), агульнай сыстэме крэдытаваньня (ECTS), сумеснага прызнаньня атрыманых ступеняў, каб даць магчымасьць студэнтам вучыцца за мяжой і яшчэ шмат аб чым. Усё гэта павінна быць створана да 2010.


Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая не далучылася да працэсу стварэньня супольнай эўрапейскай адукацыйнай прасторы

Сёньня Беларусь — белая пляміна на адукацыйнай мапе Эўропы. Гэта значыць, што больш за 413,6 тысяч студэнтаў ня маюць магчымасьці атрымаць дыплём, які б прызнаваўся ў іншых краінаў, яны ня могуць паўнавартасна і на роўных браць удзел у глябальных адукацыйных працэсах, вольна вандраваць і вучыцца ў краінах, далучаных да «Балоньскага працэсу».

У лістападзе 2007 году адзін з чыноўнікаў беларускага міністэрства адукацыі Юрый Міксюк заявіў, што «Беларусь нацэленая на ўдзел у Балоньскім працэсе», аднак тады Generation.by паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, што ніякіх канкрэтных рашэньняў пакуль не прымалася, а афіцыйная пазыцыя Міністэрства яшчэ не агучаная.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.