Апублікаваныя архівы з фактамі студэнцкага жыцьця Чарльза Дарвіна

У Вялікабрытаніі знойдзеныя бугальтарскія архівы пра студэнцкае жыцьцё Чарльза Дарвіна. Цяпер стала вядома шмат падрабязнасьцяў пра студэнцкія гады аўтара тэорыі эвалюцыі. Студэнт Дарвін вучыўся ўсяго дзьве гадзіны ўдзень, па начох піў віно з сябрамі і жыў у камфартабэльным інтэрнацкім пакоі.

”Чарльз
Дарвін у 1840 годзе. Малюнак Джорджа Рычманда.

Раней сьведчаньнем навучаньня навукоўца ў Кэмбрыджы была толькі пазнака аб здачы студэнтам Дарвінам кніг. У знойдзеных архіўных кнігах ёсьць дакладныя сьведчаньні, што будучы навукоўца да свайго пяцігадовага ваколсьветнага падарожжа вучыўся ў Кэмбрыджскім унівэрсытэце з 1828 па 1831 год. Пры тым жыў Дарвін у поўным камфорце — ён займаў адзін з самых камфартабэльных інтэрнацкіх пакояў. Абслугоўвалі выбітнага студэнта пасудамойка, прачка, чысьцільшчык абутку, кравец, капялюшнік, цырульнік, камінар і вугальшчык.


Інтэрнацкі пакой Дарвіна ў Christ's College

Ёсьць таксама квіткі, якія сьведчаць, што Дарвін набываў дадаткова абеды і гародніну — напэўна тых, што выдавалі ў каледжы, яму было мала.

У той час навучаньне каштавала нерэальных грошаў — у Кэмбрыджскім Christ's College навучаліся толькі дзеці з багатых сем’яў. Аплату навучаньня ў памеры 636 фунтаў стэрлінгаў унёс за сына бацька — Роберт Дарвін.

А само навучаньне па сучасных мерках было зусім ненапружным. Удзень усяго дзьве гадзіны матэматыкі і лекцый па клясычных прадметах. Заставалася дастаткова часу зьбіраць жукоў і праводзіць дасьледваньні.

«Ён звычайна хадзіў на паляваньне, зьбіраў жучкоў, займаўся сваімі навуковымі хобі і сустракаўся з сябрамі. Яны гулялі ў карты і пілі па начох віно, як гэта заўжды робяць студэнты», — распавядае пра студэнта Дарвіна навукоўца John van Wyhe з Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту.

Пасьля ўнівэрсытэту Дарвін накіраваўся да берагоў Паўднёвай Амэрыкі і Аўстраліі, дзе і разьвіў сваю тэорыю эвалюцыі, якая пазьней была апублікаваная ў кнізе «Аб паходжаньні відаў».

Студэнцкія архівы пра Дарвіна апублікаваныя на адмысловым сайце darwin-online.org.uk.

tarka 10:00, 24/03/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.