Ватыкан пагадзіўся з тэорыяй Дарвіна

Ватыкан цяпер цалкам прызнаў, што Чарльз Дарвін меў рацыю, калі сьцьвярджаў, што чалавек паходзіць ад малпы. Прадстаўнік каталіцкай царквы заявіў учора, што эвалюцыйная тэорыя Чарльза Дарвіна не супярэчыць біблейскай вэрсіі стварэньня сьвету і жывых арганізмаў.

Паводле словаў кіраўніка папскай рады па культуры архіепіскапа Gianfranco Ravasi, якія цытуе Times, эвалюцыйныя ідэі можна знайсьці ў тэкстах сьвятых Тамашы Аквінскага і Аўгустына.

«На самой справе, кажучы пра эвалюцыю, мы гаворым пра сьвет у такім выглядзе, як яго стварыў Бог», — лічыць прадстаўнік Ватыкану.

У той жа час у сваёй заяве прадстаўнік каталіцкай царквы абверг чуткі аб тым, што ў бліжэйшы час Бенэдыкт XVI нібыта выступіць з падтрымкай тэорыі разумнага стварэньня альбо крэацыанізма. Паводле гэтай канцэпцыі Зямля, а таксама ўвесь сьвет разглядаюцца як непасрэдна створаныя Богам. Ватыкан цяпер успрымае гэту тэорыю толькі як культурны фэномэн, а не як навуковую канцэпцыю.  На гэтай падставе яна нават была выключаная з тэмаў арганізаванай пры падтрымцы папскай рады па культуры адмысловай канфэрэнцыі да 150-годзьдзя публікацыі кнігі Дарвіна «Паходжаньне відаў»

 
Вокладка кнігі Дарвіна «Паходжаньне відаў». Выява з артыкула ў Wikipedia.

Архіепіскап таксама лічыць, што тэорыя Дарвіна ніколі афіцыйна не асуджалася Ватыканам. У 1950 Папа Піўс XII заявіў, што яна ўяўляе сабой абгрунтаваны навуковы падыход да стварэньня чалавецтва, а ў 1996-м Іаан Павал II назваў эвалюцыю «болей чым гіпотэзай».

Сутыкненьне крэацыанізма і тэорыі эвалюцыі неаднаразова рабілася прадметам палітычных дэбатаў. У пачатку 20-га стагодзьдзя ў ЗША нават існавалі адмысловыя законы, якія забаранялі выкладаньне ў школах эвалюцыйнай тэорыі.

Законы праіснавалі да сярэдзіны стагодзьдзя, аднак спрэчкі працягваюцца і дагэтуль. У 2005 годзе фэдэральны суд ЗША прызнаў, што «тэорыя разумнага пачатку» зьяўляецца рэлігійнай ненавуковай канцэпцыяй і што тэорыя Дарвіна можа выкладацца не як вэрсія, а як факт. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў 2007 годзе пастанавіла, што крэацыанізм у любым выглядзе не зьяўляецца навуковай дысцыплінай і ня можа вывучацца ў школах разам, а тым больш замест тэрыі эвалюцыі.

vojur 15:00, 11/02/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.