«Рэпарцёры бязь межаў» ня ўнесьлі Беларусь у новы сьпіс «Ворагаў Інтэрнэту»

Арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» ужо другі год ладзіць 12 сакавіка Дзень свабоды слова ў Інтэрнэце. З гэтай нагоды на сайце арганізацыі апублікаваны сьпіс 12 краінаў, дзе Сеціва найбольш абмежаванае па палітычных прычынах. Беларусь сёлета выпала з гэтага сьпісу.

 

Аднак разам зь яшчэ шэрагам краінаў мы трапілі ў «сьпіс назіраньня».

«Ворагамі Сеціва» па вэрсіі «Рэпарцёраў бязь межаў» зьяўляюцца:

  • Бірма,
  • Віетнам,
  • Егіпет,
  • Іран,
  • Кітай,
  • Куба,
  • Саудаўская Аравія,
  • Паўночная Карэя,
  • Сірыя,
  • Туніс,
  • Туркмэністан і
  • Узбэкістан.

У сьпіс краінаў, якія знаходзяцца пад асаблівым назіраньнем абаронцаў  свабоды слова, акрамя Беларусі трапілі

  • Аўстралія,
  • Бахрэйн,
  • Зімбабве,
  • Емэн,
  • Малайзія,
  • Аб’яднаныя Арабскія Эміраты,
  • Тайлянд,
  • Шры-Ланка,
  • Эрытрэя і
  • Паўднёвая Карэя.

Гэты сьпіс грунтуецца на плянах урадаў розных краінаў увесьці абмежаваньні ў Сеціве. Так, прыкладам, Аўстралія неўзабаве мусіць запусьціць агульнанацыянальную сыстэму фільтраў. Ня гледзячы на заявы аўстралійскіх чыноўнікаў пра невыкарыстаньне гэтай сыстэмы ў палітычных мэтах, само яе існаваньне будзе супярэчыць прынцыпам Сеціва.

Будучыня свабоды слова для беларускіх карыстальнікаў Інтэрнэту хвалюе «Рэпарцёраў» у зьвязку з выказваньнем чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі пра магчымае перайманьне кітайскага досьведу ў фільтраваньні Сеціва. Гэтаксама ў справаздачы адзначаецца блякаваньне шэрагу сайтаў пад час мінулага «Чарнобыльскага шляху» і пасьля яго, пастанова Савета Міністраў ад 10 лютага 2007 года пра рэгуляваньне дзейнасьці інтэрнэт-кавярняў, а таксама новы беларускі закон «Аб СМІ», які, перадае права рэглямэнтацыі онлайн-СМІ Савету Міністраў.

vojur 17:50, 12/03/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0079 seconds.