Happy Postcrossing!

Хто сказаў, што адпраўляць папяровыя паштоўкі стала ня модна? Толькі таму што цяпер ёсьць інтэрнэт? Насамрэч, сусьветнае сеціва толькі дапамагае такой старажытнай справе як пошта.

Адчыняеш сваім маленькім ключыкам паштовую скрыню, а там — паштоўка, што ляцела, плыла, ехала да цябе праз тысячы кілямэтраў. І вось цяпер гэты папяровы «вандроўнік» у тваіх руках. Welcome to Postcrossing!

У старажытнасьці людзі выкарыстоўвалі для перадачы інфармацыі мову, агонь, барабаны, ствалы дрэваў. Пазьней ганцы Грэцыі, Пэрсіі, Эгіпту, Рыму і Кітая разносілі ці развозілі на конях гліняныя таблічкі і пэргамэнт. Пэўны час ганцоў замянялі паштовыя галубы. А першая марка была надрукавана ў Англіі ў 1840 годзе і называлася «Чорны пеньні».

А ў канцы ХХ стагодзьдзя зьявіўся Інтэрнэт, і людзі пачалі адпраўляць адзін аднаму нашмат менш лістоў і паштовак. Так лічаць некаторыя, але толькі не карыстальнікі postcrossing.com.

Гэты рэсурс быў створаны адмыслова для аматараў паштовак і заядлых карыстальнікаў інтэрнэту. То бок гэта новае слова ў пошце: спалучэньне сучасных тэхналёгій, правадоў, электрычнасьці і паперы, атраманту ды марак. Увесь сэнс у тым, што праз інтэрнэт ты атрымліваеш адрэсу, на якую мусіш даслаць паштоўку.

Калі прагледзець статыстыку сайта, то аказваецца, што самая актыўная нацыя ў паштовай справе — гэта фіны. Толькі ўявіце: 407 279 паштовак! Атрымоўваецца, больш чым 40 паштовак на аднаго карыстальніка. У лідэрах таксама немцы, амэрыканцы, кітайцы, канадцы, аўстралійцы, бразыльцы, японцы, партугальцы, італійцы.


Паштоўка з Філяндыі

Беларусы на 32-м месцы па колькасьці адасланых паштовак. Ёсьць куды рухацца! Але вынікае праблема: вельма мала ў нас класных паштовак, з нацыянальным калярытам, яркіх, асаблівых, незвычайных і разнастайных. Дэ-фі-цыт. Але гэта не перашкода, бо можна рабіць паштоўкі самому. Напрыклад, з фотаздымкаў, ці маляваць.


Паштоўка з Карэі

А стымул ёсьць — магчымасьць атрымаць паштоўку зь любой краіны сьвету. Нават з той, пра якую ніколі ня чуў і на мапе не адразу знойдзеш. І гэта амаль бясплатна, бо ідэя сайту гучыць як «дашлі паштоўку і атрымаеш прынамсі адну з выпадковай краіны».


Паштоўка з Аргентыны

Невялічкую калекцыю ўжо маю і я. У скарбонцы ёсьць паштоўкі з Фінляндыі, Канады, ЗША, Кітая, Нідэрляндаў, Малайзіі, Славеніі. Агулам 17 штук. Прыкіньце, якое гэта задавальненьне: адчыняеш сваю паштовую скрыню і — табе ў рукі ляцяць адразу некалькі каляровых картачак! Пасьля зь вялікай цікавасьцю разглядаеш расьліны, жывёл, людзей, будынкі на гэтых картачках, даведваесься, што гэта за краіна, ледзь не пад лупай вывучаеш маркі і пачынаеш марыць, каб паштальён хутчэй прынёс табе яшчэ адзін кавалачак сусьвету. Прыемна адчуваць, што дзесьці, магчыма на іншым канцы нашай плянэты, хтосьці невядомы асабіста табе шукае, набывае паштоўку, падпісвае яе. І нават калі ня лічыш сябе ні філякартыстам, ні філятэлістам, усё роўна ўцягваесься ў гэтую справу, пачынаеш «жыць» паштоўкамі.


Аўтары праекту Paulo Magalhaes і Ana з Партугаліі, Vicki з Аўстраліі і Soili зь Фінляндыі не прагадалі. На сьвеце сапраўды шмат людзей, што любяць postcrossing. Лічбы гавораць самі за сябе: болей 80 000 сябраў-карыстальнікаў з 192 краінаў, 355 паштовак у гадзіну, амаль 2 мільёны паштовак атрымана і каля 80 000 яшчэ у дарозе, а агульная колькасьць «пройдзеных» паштоўкамі кілямэтраў — ужо больш 10 мільярдаў!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.