У Кітаі забаранілі карыстальнікам разьмяшчаць у Сеціва інфармацыю пра асабістае жыцьцё чыноўнікаў

Улады кітайскай правінцы Цзянсу для рэгуляваньня «карпаратыўных і шчырых паводзінаў» забаранілі карыстальнікам выкладаць у Сеціва інфармацыю, якая тычыцца асабістага жыцьця чыноўнікаў. Калі ж жыхар Цзянсу рызыкне і выкладзе ў блогу ці на форуме пэрсанальныя зьвесткі пра дзяржслужачых, то будзе аштрафаваны болей чым на 700 даляраў і можа пазбавіцца доступу ў Сеціва на паўгады.

Закон уступіць у сілу 1 ліпеня. Штуршком для прыняцьця такога закону стаў нядаўні скандал у кітайскай блогасфэры, паведамляе France Press.

У сьнежні 2008 году ў Сеціве зьявіліся здымкі кіраўніка камітэту па жыльлёваму будаўніцтву Zhou Jiugeng. На здымках чыноўнік паліць дарагія цыгарэты (22 даляры за пакунак), а на руцэ гадзіньнік у 14 600 даляраў. На думку ўладаў, карыстальнік, які разьмясьціў такія здымкі, намякаў на тое, што дзяржслужачы жыве не па сродках.


Скандальны кітайскі чыноўнік Zhou Jiugeng. Выява з chinadaily.

Паводле існага кітайскага заканадаўства, можна публікаваць у агульным доступе любыя здымкі людзей, але толькі калі яны праўдзівыя. Нягледзячы на тое, што з-за розгаласу ў Сеціве апальнага чыноўніка звольнілі, кітайскія ўлады новым законам, які забараняе карыстальнікам выкладаць любыя зьвесткі з асабістага жыцьця чыноўнікаў, страхуюць сябе ад магчымых іншых падобных выпадкаў.

Па апошніх дадзеных у Кітаі колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў дасягнула 300 мільёнаў. У той жа час Кітай усё больш робіцца вядомым ня толькі Вялікай кітайскай сьцяной, але й Вялікім кітайскім firewall'ам, які абмяжоўвае доступ да вялікай колькасьці сайтаў.

Улады КНР абмяжоўваюць доступ да сусьветных інфармацыйных рэсурсаў і жорстка распраўляюцца зь мясцовымі няўгоднымі рэжыму навінавымі сайтамі. Нават учорашняя інаўгурацыя новага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы пайшла ў кітайскі эфір з праўкамі.

tarka 15:55, 22/01/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0667 seconds.