Мобінг як новае жыцьцё для старой мабілкі

У немцаў ёсьць выраз: «Любы аўтамабіль калі-небудзь стане Опелем». Але мы на «асобы» пераходзіць ня будзем, а падкрэсьлім з гэтага выраза хіба тое, што любая рэч калі-небудзь губляе свой першапачатковы глянец. Тое самае рана ці позна адбывалася і з нашымі мабільнымі тэлефонамі. Якім бы прыгожым ён ня быў, фарба сьцярэцца, корпус пакрыецца мноствам драпінаў і сколаў ад нечаканых падзеньняў.

Што рабіць? Большасьць, кіруючыся прымітыўнымі інстынктамі грамадзтва спажываньня, купляе новы. Ёсьць невялікая частка людзей, якія пакладуць тэлефон на паліцу. Пры гэтым адныя робяць гэта са словамі «я ж купіў (-ла) яго за 400 даляраў! Я ня буду прадаваць яго за 70!», не разумеючы каштоўнасьці ня толькі матэрыяльных рэчаў. А іншыя зробяць тое ж, але толькі для таго, каб ужо праз 3–5 гадоў іх тэлефон стаў сапраўднай легендай мабільнай індустрыі. Тры шляхі, але ёсьць і чацьвёрты, пра які ў нас узгадваюць рэдка — мобінг.

Мобінг і цюнінг

Сам я ўпершыню задумаўся пра мобінг, калі бацька падарыў мне першы тэлефон. Але гэта для мяне ён быў першым, а бацька прахадзіў з Siemens ME 45 дастаткова часу. Увогуле, да гэтага моманту ў сяброў ужо сталі зьяўляцца тэлефоны з каляровымі дысплэямі, што ціснула на мой дзіцячы мозг. Тэлефон мне вельмі падабаўся, але я хацеў засунуць туды каляровы дысплэй. Тады ж я падумваў пра MP3 плэер. Зразумелая справа, што геніем электронікі я ня стаў, а купіў другі тэлефон, потым трэці, чацьвёрты, пяты…

Але мобінг начыньне — ня цюнінг аўтамабіляў, працэсар у ім наўрад ці раскачаеш, камэру не памяняеш, трохдзюймовы дысплэй на крышку акумулятара не ўбудуеш. Зусім іншая справа мобінг вонкавы. Вось тут ёсьць дзе разгуляцца! Забясьпечаныя людзі аздабляюць свае трубачкі Сваровскі, прасунутыя замаўляюць у сьлесараў на заводах мэталічныя дэталі, каб замяніць імі плястыкавыя аналягі. Людзі папрасьцей проста размалёўваюць карпусы.

Адзінае, у чым можна параўнаць мобінг і цюнінг — у матэрыяльных выдатках. Справа гэта дарагая, і ўжо дакладна на выгоднае капіталаўкладаньне не пацягне. Трэба вельмі любіць свой тэлефон, каб не прамяняць на больш дасканалую мадэль, а паспрабаваць удыхнуць у яго новае жыцьцё.

Першы блін альбо гісторыя аднаго тэлефону

Я дык тыповы спажывец. У мяне было мноства бюджэтных мадэляў, да якіх я не прыкіпаў душой і зь лёгкасьцю мяняў на такія ж бюджэтныя мадэлі. Пра мобінг я задумваўся, і ня раз, але ніякіх спробаў не рабіў. А вось мая жонка ўсе свае тэлефоны вельмі любіла, кожнаму давала імя і зь цяжкасьцю разьвітвалася. Таму ў спробе надаць свайму папярэдняму тэлефону новае жыцьцё ён быў па-зьверску заліты лакам для пазногцяў. Першы блін выйшаў комам — прыйшлося купляць новы тэлефон.

«Fly быў самым ружовым! Менавіта такім ружовым, як ніякія іншыя»

Тады ейны выбар прыйшоўся на Fly MX 200. Ніякія мае довады супраць яго яна і чуць не хацела, бо Fly быў самым ружовым! Менавіта такім ружовым, як ніякія іншыя. Але радасьць была нядоўгай. Па меры ўсмоктваньня чорнай фарбы ў сумачцы ад Машы Цыгаль, ружовая мара зьнікала. Тэлефон атрымаўся сапраўды ўнікальным — фарба зь яго корпуса не сьціралася, а ўядалася. Хоць праз год сьцірацца пачала і яна.

Блін другі, першы досьвед мобінгу і новае жыцьцё

На момант рашучых дзеяньняў мінула ўжо паўтары гады. Пра куплю новага прыгажуна размова і не вялася, грошай у сям’і не было. Менавіта тады мы ўзгадалі пра лак для пазногцяў і вырашыліся прайсьці гэты шлях зноўку, але з улікам назапашанага досьведу. У краме былі набытыя акрылавыя фарбы, адшукалі ў хаце мэблевы лак у балёнчыку. Разьвітаўшыся з тэлефонам, я панёс яго ў мабільны сэрвіс.

У прынцыпе, разабраць тэлефон можна і самому, асабліва, калі ў ім прадугледжаныя здымныя панэлі. Але паколькі канструкцыя тэлефона наяўнасьць такіх не прадугледжвала, мы ня сталі рызыкаваць — ніколі ня ведаеш, чаго чакаць ад кітайскага цуду. У нашым выпадку былі зьнятыя толькі вонкавыя панэлі. Стан унутраных быў выдатным.

Пасьля гэтага было вырашана аддаць тэлефон на разарваньне знаёмай. Сваім выяўленчым навыкам мы ізноў жа не даверыліся. З прычыны адсутнасьці аэрографу, было вырашана зрабіць тэкстуру афарбоўкі фактурнай, з дапамогай звычайнай губкі. А па-над усім самым тонкім пэндзлем нанесьлі два малюнкі, якія да апошняга моманту заставаліся для нас невядомымі. Як толькі фарба падсохла, па корпусе прайшліся лакам. Ён апынуўся матавым, хоць гэта нас ужо не хвалявала. Пасьля высыханьня лаку, корпус вярнулі ў майстэрню, дзе тэлефон сабралі наноў.


Які вынік можна падвесьці? З аднаго боку, няўзброеным вокам відаць — чыстай вады hand-made. Але гэта каму як падабаецца, бо калі вы жадаеце бездакорнай працы, то абірайце першы варыянт — стары тэлефон ва ўтыль, цешыць вока ўжо хай новы. Затое зь іншага боку другога такога асобніка вы сапраўды не сустрэнеце ні ў сяброўкі, ні ў мінака на вуліцы. А калі яшчэ ўлічыць і матэрыяльныя выдаткі… Фарба абышлася ў дзесяць тысяч, разборка-зборка тэлефона ў пяць тысяч беларускіх рублёў. Пафарбаваны тэлефон быў за «дзякуй», а лак і так стаяў нікому непатрэбны. Жонка была ў захапленьні. Мне, нягледзячы на некаторыя заганы, таксама падабаецца.

Зараз галоўнае пытаньне, на колькі такое пакрыцьцё апынецца даўгавечным? Адназначны адказ я магу даць толькі пра адно — наступны тэлефон мы абавязкова размалюем! А тое, што гэта будзе яшчэ лепш, я і не сумняюся, бо досьведу ў гэтай справе ў нас прыкметна дадалося.

Яўген Сідараў,
старонка аўтара:
photo.e-s.bz

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.