Няхітрая арыфмэтыка ад украінскага гурта «Бумбокс»

Бумбокс

16 сьнежня ў менскім клюбе «Рэактар» другі раз ладзілі канцэрт ўкраінцы «Бумбокс». Гурт прэзэнтаваў свой новы альбом «III», чацьверты раз за 2008 год выступаючы ў Беларусі. Канцэрт ў Менску адбываўся пасьля заканчэньня ўкраінскага туру ў падтрымку новага альбому гурта. Пра гарачую любоў беларусаў да музыкі паўднёвых суседзяў можна было меркаваць па цалкам запоўненым клюбе і па веданьні тэкстаў амаль усіх песень – з новага і папярэдніх альбомаў.

16 сьнежня ў сваёй большасьці жаночая чарга з «Рэактара» выходзіла далёка на вуліцу. Людзі ў ёй, сярод якіх было шмат модна апранутых наведвальнікаў начных сталічных дыскатэкаў, у прадчуваньні гучна сьпявалі «Вахцёрам» — песьню, якая сабрала на канцэрт значную частку залі.

Андрэй Хлыўнюк павітаўся па-расейску: «…родные мы уже почти…», і натхнёны гэтай сваёй думкай працягнуў камунікацыі з публікай на сваёй роднай мове. На ўкраінскай лідэр Бумбокса размаўляў ды весела жартаваў яшчэ некалькі песень. Да таго моманту, як далёка з залі нехта выгукнуў: «По-русски!». Ці выпадкова, ці наўмысна, Андрэй мову зьмяніў аж да самага фіналу канцэрта, калі зноў пад час разьвітаньня вярнуўся да вытокаў.

Дарэчы, на гэты раз Андрэй даволі шмат камунікаваў з публікай, распавядаючы, што чуюць у навушніках вакалісты па час канцэрта, чаму ў новым альбоме ўзгадваюцца толькі два жаночыя імёны, якія мэтамарфозы адбываюцца зь людзьмі разам на працягу іх сталеньня і нават узгадаў трагічныя падзеі ў ЗША 11 верасьня 2001 года. Удзельнікі гурта пілі ваду за ўсіх прысутных, а пасьля – «Ну раз пайшла такая п’янка», выконвалі гіты.

Бумбокс 

Харызматычны Андрэй завёў публіку зь першай песьні, пераносячы праз сьпеўныя пералівы сваю неверагодную харызму. «Хоттабыч» – песьня, пасьля якой не засталося нікога па-за гэтым неверагодным музычным сусьветам.

Наведвальнікі канцэрту, якія прыйшлі ў такой колькасьці, што ў гардэробе клюба не хапіла месцаў, сьпявалі на памяць як добравядомыя старыя песьні так і новыя з альбому «III».

Выступ цягнуўся прыкладна паўтары гадзіны. Апошняй у асноўнай праграме прагучала рамантычная «Та, что», якую амаль цалкам выканалі фанаты.

Бумбокс 

«Супер! Афігенна крута!» – вярнуўся на сцэну гурт, выканаўшы бісавыя «Меломания» і «Бета-Каротин».

Фанаты доўга не адыходзілі ад сцэны, у спадзеве атрымаць аўтограф чакалі зорак каля чорнага ўваходу. Сярод такіх прыхільнікаў былі заўважаныя танцоры маскоўскага калектыва «Тодес», якія на зайздрасьць фанатак былі запрошаныя прайсьці ў грымёрную.

Першапачаткова задуманы як некамэрцыйны і антыпапсовы праект «Бумбокс» усё болей набірае папулярнасьць. А гэта дае спадзеў, што традыцыя частых канцэртаў гурта ў Беларусі працягнецца і ў наступным годзе.

Глядзіце яшчэ 34 здымкі ў фотарэпартажы з выступу «Бумбокс» у Менску.

Аўтар фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3189 seconds.