З ЭГУ звольнены першы прарэктар Уладзімір Дунаеў

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт 17 сьнежня абвесьціў аб сыходзе з паста першага прарэктара прафэсара аднаго з заснавальнікаў унівэрсытэта Ўладзіміра Дунаева.


Прафэсар Уладзімір Дунаеў. Фота Юры Сідуна

Як паведамляе прэс-служба ЭГУ, рашэньне прынятае рэктарам ВНУ Анатолем Міхайлавым, Кіруючай радай унівэрсытэта, а таксама агульным зборам яго саўладальнікаў «у мэтах абнаўленьня кіраўніцтва ЭГУ».

Рэктар Анатоль Міхайлаў заявіў:

«У сувязі з зацьвярджэньнем Кіруючай радай Стратэгічнага пляну на 2008-2013 гады і рэкамэндацыяй абнавіць кіраўніцтва ўнівэрсытэта прафэсару Ў. Дунаеву было прапанавана пакінуць свой пост па дамове бакоў. Унівэрсытэт прапанаваў У. Дунаеву сэрыю кампэнсацый, сярод якіх: кампэнсацыя гадавога заробку, выходны дапаможнік, мэдыцынскае страхаваньне, унёсак у пэнсійны фонд, садзейнічаньне ў арганізацыі замежнай стажыроўкі, а таксама фінансавая падтрымка кансультаваньня па пытаньнях працаўладкаваньня. Дамова не была дасягнутая. Прафэсар У. Дунаеў быў звольнены і, у адпаведнасьці з заканадаўствам, яму выплачваецца кампэнсацыя заробку за рэшту кантракту да сакавіка 2011 г. Нягледзячы на такі неспрыяльны паварот падзей, мы заўсёды будзем удзячныя яму за значны ўнёсак у станаўленьне і разьвіцьцё Ўнівэрсытэта».

У камэнтары рэсурсу Delfi.lt спадар Дунаеў завіў, што факт звальненьня яго зьбянтэжыў. Прафэсар распавёў, што не трымаўся за пазыцыю першага прарэктара і гатовы быў працаваць ува ўнівэрсытэце ў іншай якасьці. Тым, больш што ў апошні час па яго словах, ён ужо фактычна быў па-за кіраваньнем навучальнай установай.

«Я згодзен быў выкладаць, і гэта б мяне неяк задаволіла, — сказаў У.Дунаеў. — Аднак прапанова было адкінутая і мне прапанавалі азнаёміцца з загадам, дзе кантракт касуецца без тлумачэньня чыньнікаў. Гэта законна. Гэта мае права зрабіць Кіруючая рада і ўладальнікі ўнівэрсытэта. Я шкадую аб тым, што гэта фактычна азначае маё выгнаньне з унівэрсытэта».

У.Дунаеў адзначыў яшчэ адзін цікаўны факт. У дамове, якая яму прапаноўвалася, быў пункт, паводле якога яго забаранялася нэгатыўна і крытычна выказвацца аб унівэрсытэце.

«Дамова, якую мне прапаноўвалі, утрымлівала ўмову, дзе гаварылася аб тым, што забараняецца нэгатыўна або крытычна выказвацца сытуацыі ва ўнівэрсытэце, аб людзях, зьвязаных з унівэрсытэтам, — заўважыў ён. — то бок, гэта азначае поўную забарону на меркаваньні, якія не носяць выключна пазытыўнага характару».

Уні Вера 13:35, 18/12/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0559 seconds.