Актыўныя прыхільнікі «J:морс» аддаюць перавагу беларускамоўным песьням гурта
На афіцыйным сайце «J:морс» працягваецца публічнае галасаваньне за песьні, якія прагучаць у гэты чацьвер на сольным канцэрце гурта з праграмай «Гіты і новыя песьні» у клюбе «Рэактар».
Паводле ўмоваў акцыі 10 песень (т.б. палову праграмы) выбірае сам гурт. Гэта будуць 5 цалкам новых кампазыцый з будучага альбому і 5 вядомых кампазыцый розных гадоў («Веб-дизайн», «Вместе навсегда», «Апрель», «Не умирай», «Ледоколы».
Яшчэ 10 песень выбіраюць прыхільнікі праз галасаваньне на форуме сайта «J:морс». На гэты момант у лідэрах галасаваньня знаходзяцца: «Босиком по мостовой», «Жыві», «Дай мне», "Беларускае золата», «Супермарио», «Маё сонца», «Монтевидео», «Яна», «Глядзі» і «Так-цік-так».
Адметна, што больш за палову песень, якія абралі прыхільнікі J-mors на дадзены момант — беларускамоўныя. Да таго ж, у тых, трэкаў, якія існуюць адразу ў двух вэрсіях, пераканаўча перамагаюць менавіта іх беларускамоўныя варыянты.
Досыць нечакана за межамі дзесяткі (адпаведна і канцэрту) пакуль што знаходзяцца вядомыя «Прынцэса», «Айсбергі», «Паветра».
«Мы ставімся да вынікаў гэтага галасаваньня дастаткова сур'ёзна, — гаворыць Уладзімір Пугач. – Вынікі галасаваньня цешаць, паколькі перавагі слухачоў па шэрагу момантаў супалі з нашым уласным меркаваньнем. Мы ўжо некаторы час падумваем выключыць з актыўнага рэпэртуару публічных канцэртаў такія песьні, як «Айсберги» і «Принцесса». Мы рухаемся далей, цешыць, што разам з нашымі прыхільнікамі. Балазе, новага матэрыялу ў нас хапае».
Галасаваньне завершыцца апоўдні ў дзень канцэрту. Паўдзельнічаць у ім можа кожны, хто зарэгіструецца на форуме гурта.
18 сьнежня ў клюбе «Рэактар» гурт «J:морс» з праграмай «Гіты і новыя песьні». Пачатак у 19.00. Квіткі ад 35 тыс. Даведка: (029) 661 22 70, (029) 850 33 33.