«Кінафармат 4×4» пройдзе ў Менску ў апошні раз

Упадабаны менскімі прыхільнікамі «разумнага кіно» міні-фэст «Кінафармат 4×4» на наступным тыдні ў апошні раз пацешыць гледачоў чацьвёркай кінастужак. Праект існуе з кастрычніка 2002 году і быў задуманы як альтэрнатыва масаваму камэрцыйнаму амэрыканскаму кіно.

 

За шэсьць гадоў у рамках міні-фэсту было паказана каля 300 фільмаў.

Але з часам праект стаў выходзіць за свае межы. Не заўсёды было досыць аднаго паказу, і па жаданьні гледачоў «разумныя» карціны ішлі паўторна. А летась два сталічных кінатэатры — «Дом кіно» і «Перамога» — прапанавалі гледачу свае праекты: «Канаманія» і «Абсалютнае кіно». Па словах начальніка аддзела інфармацыі і рэклямы УП «Кінавідэапракат» Натальлі Патапенка, гэтыя праекты «адвялі» частку прыхільнікаў «Кінафармату 4×4», ды і за шэсьць гадоў міні-фэст сябе ў нечым вычарпаў. Таму было вырашана з наступнага году яго зачыніць.

«Але гэта зусім не азначае, што менчукі ня змогуць знаёміцца з навінкамі сусьветнага некамэрцыйнага кіно, — адзначыла адмысловец. — Акрамя „Канаманіі“ і „Абсалютнага кіно“, у рамках якіх дэманструецца „кіно не для ўсіх“, „разумныя“ стужкі таксама будуць ісьці ў лепшых кінатэатрах горада. А калі глядацкая цікавасьць будзе высокая то і паўтарацца ў іншых кінатэатрах».

Паведле агенцтва «Минск-новости»

15:20, 12/12/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1703 seconds.