Кліп-Марафон 2008: «Арганізуем прэмію няхай пакуль і на аматарскім узроўні, але беларускамоўную»

14 сьнежня ў клюбе «Акварыюм» адбудзецца другое ўручэньне першай штогадовай прэміі беларускага музычнага відэа «Кліп-Марафон-2008». Акалічнасьці правядзеньня прэміі распавёў Generation.bY адзін з заснавальнікаў і арганізатараў кліп-марафону Міхал Нядзьвецкі.

 

Ідэя і філязофія

«У кожнай краіне існуюць свае фэстывалі кліпаў. У нас таксама такія былі, але вельмі даўна не праводзіліся, таму вырашылі арганізаваць прэмію хоць на аматарскім узроўні. Але беларускамоўную прэмію», — распавядае пра ідэю фэсту Міхал Нядзьвецкі.

Арганізатараў прэміі шмат папракаюць, што дзеляць кліпы па моўнай прыкмеце — прымаюцца толькі кліпы на беларускамоўныя песьні. На што Міхал пярэчыць:

«Чаму тады на тэлебачаньні кліпы для трансьляцыі адбіраюцца менавіта так? Хоць дзяржаўная мова — беларуская, — беларускамоўны кліп можна пабачыць добра, калі раз на тыдзень. У мяне дома сабралася вялікая калекцыя беларускіх кліпаў, 7–8 зь якіх, я ўпэўнены, могуць спаборнічаць і перамагаць у розных прэміях. Мы хочам сабраць усе беларускамоўныя кліпы і паказаць, што яны таксама маюць права на ратацыю, на жыцьцё».

Такім чынам, кліпаў «Ляпіса Трубяцкога» на Кліп-Марафоне ня будзе, хоць многія з кліпаў ляпісаў адзначаныя на міжнародных прэміях.

«Кліп — гэта прадукт шоўбізнэса, які стымулюе продаж астатніх аналягічных прадуктаў шоўбізнэсу. Калі чалавек пабачыў добры кліп — 90%, што ён пойдзе ў краму і набудзе дыск. Кліп грае важную ролю ў папулярызацыі беларускай культуры. У расейскамоўных кліпах беларускай вытворчасьці гэтая асацыятыўная сувязь зь Беларусьсю выражана ня так моцна. Таму, напрыклад, кліпы гурта „Ляпис Трубецкой“ не разглядаліся да ўдзелу ў фэсьце наагул».

Арганізацыя і вызначэньне пераможцаў

Як і летась, падрыхтоўкай да правядзеньня прэміі займаецца аргкамітэт, які складаецца з заснавальнікаў, арганізатараў і музычных крытыкаў. Аргкамітэт зьбірае заяўкі, арганізуе паказ, прадае квіткі. Існуюць конкурсныя і пазаконкурсныя намінацыі. У кожнай конкурснай намінацыі паказваюцца па 5–7 працаў. Журы ж прэміі — гэта самі наведвальнікі «Кліп-марафону»: т.б. гледачы пасьля прагляду запаўняюць адмысловыя бюлетэні для галасаваньня, пасьля аналізу якіх вызначаюцца пераможца ў кожнай намінацыі і адбываецца ўзнагароджваньне.

«У гэтым і есьць цікавасьць. На фэстывалі ў мінулым годзе прысутнічалі і рэжысэры, якія здымалі кліпы, і музычныя крытыкі. Разынка ж фэсту ў тым, што кліпы ацэньвалі гледачы. Але ў выніку грамадзкая думка супала з думкай мэтраў», — адзначае Міхал.

Вось пералік некаторых конкурсных намінацыяў мінулага году: «Чорна-белае кіно», «Лепшая анімацыя», «Традыцыі і сучаснасьць», «Лірыка», «Цяжкая музыка» і інш.

У пазаконкурснай намінацыі «Рарытэтнае відэа» былі паказаны першыя беларускія кліпы, каб «людзі ведалі, зь якіх кліпаў пачаўся беларускі кліпмэйкінг».

Сюрпрызы і тэматыка

Прэмія 2008 году прымеркавана да 20-цігодзьдзя выхаду дэбютнага айчыннага музычнага кліпа «Ура» гурта «Бонда» (1988 г.).

У конкурсных намінацыях прэміі 2008 будуць паказаныя каля 30 кліпаў 2007–2008 гадоў вытворчасьці.

Пазаконкурсныя намінацыі гэтага году — «Рарытэт» і «Прэм’ера». Пад час фэсту адбудзецца паказ шокавага рарытэтнага відэакліпа, якое бачылі лічаныя людзі. Інфармацыю, на якую песьню і кім быў зьняты гэты кліп, арганізатары рассакрэцяць толькі пад час канцэрта. Таксама гледачы змогуць ацаніць самыя сьвежыя, нядаўна зьнятыя, беларускія кліпы.

«На прэміі „Кліп-Марафон-2008“ будзе прэзентаваны DVD-дыск зь лепшымі беларускімі кліпамі. Дыск зьмяшчае 43 відэаролікі, агульная працягласьць — 3 гадзіны», — дадае Міхал.

Пэрспэктывы

«Мы правялі прэмію ў мінулым годзе, ідэя якой спадабалася многім музыкам, ЖЖ-юзэрам і наведвальнікам фэстывалю, таму было вырашана вывесьці прэмію наступных гадоў на новы ўзровень, т.б. праводзіць у клюбах сапраўдную цырымонію», — распавядае Міхал.

У плянах — зрабіць з аматарскага праекту прафэсійны фэстываль і вывесьці яго на высокі ўзровень нават з арганізацыяй паказу беларускіх кліпаў у замежных краінах. Разьвіцьцё прэміі прасочваецца: у гэтым годзе яе падтрымалі многія зоркі рок-сцэны — ZET, «Крама», «Палац», IQ48, Mauzer, B:N і інш.

Прэмія пройдзе 14 сьнежня ў клюбе «Акварыюм». Даведка і замова квіткоў праз тэл.: 8 029 6010769.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0662 seconds.