Кліп-Марафон-2008 пераносіцца

Першая штогадовая прэмія беларускага музычнага відэа мусіла прайсьці 14 сьнежня ў менскім клюбе «Акварыюм». Аргкамітэт імпрэзы рыхтаваў праграму з паказам лепшага музычнага відэа 2007-2008 гадоў, дэманстрацыяй рарытэтных і прэм’ерных ролікаў, а таксама прэзэнтацыяй першай у Беларусі DVD-складанкі зь лепшымі кліпамі апошніх 20-ці год.

Але за два дні да прэміі «Акварыюм» пазбавілі ліцэнзіі на правядзеньне забаўляльных мерапрыемстваў.

На ўваходных дзьвярох клюба разьмясьцілі абвестку, што з 12 па 15 сьнежня ў памяшканьні клюба будзе праводзіцца рамонт. А дырэкцыя «Акварыюма» паведаміла пра тое, што згодна з пастановай галоўнага ўрача санітарна-эпідэміялягічнай службы Менска клюб быў пазбаўлены ліцэнзіі на правядзеньне забаўляльных мерапрыемстваў.

Дарэчы, якраз 12 сьнежня ў залі клюба «Акварыюм» мусіла прайсьці сьвяткаваньне першага году працы незалежнага тэлеканалу «Белсат». Але ў тэрміновым парадку імпрэзу прыйшлося пераносіць — клюб зачынілі. Тады ж пра немагчымасьць правесьці ў «Акварыюме» прэміі даведаліся і арганізатары Кліп-Марафону-2008.

«Вымушаная зьмена пляцоўкі радыкальна зьмяніла нашы пляны. Мы разумеем, што адмена прэміі сапсавала настрой шматлікім гасьцям і наведвальнікам, якія былі гатовыя наведаць Кліп-Марафон, але адначасова з гэтым нам вельмі важна захаваць давер аўдыторыі. На сёньня мы ня можам гарантаваць нашым наведвальнікам, што ўсе арганізацыйныя праблемы з пошукам іншага месца будуць вырашаны. Таму прэмія Кліп-Марафон-2008 пройдзе 28 сьнежня ў офісе Партыі БНФ», — тлумачаць арганізатары Кліп-Марафону-2008.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0645 seconds.