Прарок крызісу

Прарок крызысу. Так зараз называюць Наомі Кляйн — Канадзкую эканамістку, аўтарку кніжкі «The Shock Doctrine». Напісаная ў 2007 годзе, яна падавалася тады крыху апакаліптычнай. Зараз жа ейныя словы цытуюць ў шматлікіх публікацыях датычных крызысу, а кнігі ў момант зьнікаюць з крамаў. 20 лістапада ў варшаўскай ВНУ Collegium Civitas адбылася прэс-канфэрэнцыя Наомі Кляйн.

Ейныя кнігі чытаюць тыя ж людзі, што захапляюцца Гары Потэрам. Першая кніга «No Logo» стала голасам усіх людзей, што былі нязгодныя з сыстэмай, у якой актор за рэкляму вядомага брэнду атрымоўвае ў разы болей, чым тысячы людзей, якія працуюць у нечалавечых умовах на сусьветныя карпарацыі.

Naomi Klein 

На нэалібэралізм і ўсеагульную глябалізацыю аўтарка скідвае ўсю віну. Меркаваньнем Naomi Klein, крызыс знаходзіцца толькі ў першай фазе.

«І можа стаць для сёньняшняй нэалібэральнай эканамічнай сыстэмы, што пануе амаль ва ўсім сьвеце тым, чым стала падзеньне Бэрлінскага муру для Савецкага Саюзу».

Нэалібералізм выходзіць з тэорыі глябалізацыі, — адмаўленьне ад усялякага дзяржаўнага рэгуляваньня рынку. Гэты тып эканамічнай палітыкі заснаваны на поўнай адкрытасьці, шырокага карыстаньня з фондавых бірж, на вялізарнай ролі рэклямы й павялічэньня ролі транснацыянальных карпарацый.

«Гэты працэс, працэс усеагульнай глябалізацыі і ў той жа момант шлях да крызысу, пачаўся напрыканцы 80-ых гадоў. Справа ў тым, што чым больш пашыраўся рынак, бяз усялякага дзяржаўнага рэгуляваньня, тым больш ускладняліся ягоныя правілы. І ўсё менш станавілася людзей здольных зразумець, што там насамрэч адбываецца.  Яго можна было спыніць, можна нават зараз. І менавіта сёньня ў нас ёсьць такая магчымасьць — у твары новага прэзыдэнта ЗША».

Тое, што мы маем зараз – гэта ня толькі пытаньне эканамічных сыстэм. Схема распаўсюджваньня крызысу даволі простая: «Спачатку ў Вашынгтоне думалі, што гэта клопат выключна Wall Street, потым уся Эўропа сьмяялася з Амэрыкі хвалячыся сваімі сыстэмамі забесьпячэньня, зараз не да сьмеху ўсім...»

Паглядзім на рэчы цьвяроза — ня можна ў ніякім выпадку лічыць, што гэта канец дамінацыі ЗША ў сьвеце. Толькі яны могуць спыніць крызыс. І вось як гэта бачыць Наомі Кляйн:

«Выбраньне Абамы – гэта наш вялікі шанец. Ён не такі радыкал як Буш, які ня мог прадбачыць надыходзячай пагрозы. Абама за цэнтралізаваную ўладу, пытаньне ў тым як ён вытрымае зьнешні ціск. У тым ліку й з Wall Street, адкуль ягоная выбарчая кампанія брала большасьць сродкаў, дзе да гэтае пары ня прымаецца ідэя дзяржаўнага рэгуляваньня».

Толькі ня трэба думаць, што ідэя «рэгуляваньня» – гэта забарона свабоды рынку. Ён павінен быць адкрытым і вольным, але дзяржава мае права ўмяшацца ў ягоныя працэсы, калі ён выходзіць з-пад кантролю. Калі нехта купляе ў крэдыт дом, які яму не па кішэні, нічога дзіўнага што ён становіцца банкрутам.

«Ідэя наступная – калі мы дамо ім танныя дамы і вялікі крэдыт, то мы палепшым ім якасьць жыцьця і яны потым стануць нашымі ж кліентамі. А гэта — першы крок да глябальнай прыватызацыі.  На жаль, мала хто думаў, пра тое, якім жа чынам гэтыя людзі сплоцяць крэдыты... На крызысе выйграюць  такія краіны як Індыя, Кітай, Расея і г.д. Але іх “выйгрыш” значыць толькі меншыя страты. Сёньня нельга зачыніцца ў межах свайго краю і абмежавацца ад сусьветнай эканамічнай сыстэмы. У той жа час гэта ня значыць што іх мадэлі правільныя! У Кітаі няма дэмакратыі, няма вольнага рынку, за тое ў іх ёсьць танкавыя калёны, што пасьпяхова вырашаюць кожны унутраны клопат. Гэта ня тое што нам трэба».

Напрыканцы прамовы Наомі Кляйн, студэнты даведаліся, што нам трэба – як можна здагадвацца, гэта залатая сярэдзіна.

«Пасьля развалу СССР, у сьвету быў шанец, неабходна было абраць трэці шлях — разумнага сумяшчэньня свабоды й дзяржаўнай падтрымкі. Але ж Амэрыка сказала, што трэці шлях — трэці сьвет. Канешне, у такіх умовах складаней хутка стацца мільянерам, але затое, не так лёгка ўсё страціць».

Фота аўтара.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.