Біг-мак: Сапраўдны курс рубля — 2 160

Пакуль беларусы гадаюць, які курс даляра ўсталюецца ў бліжэйшыя тыдні, мы вырашылі скарыстацца даўняй задумай часопісу Economist і параўнаць кошт на макдональсаўдзкі біг-мак у нашай краіне зь іншымі, каб вывесьці імаверны курс беларускага рубля.


Афіцыйны біг-мак, які прапануе неафіцыйны курс даляра ў 2 160

Чвэрць стагодзьдзя эканамісты зь Лёндану выводзяць напаўжартоўны курс даляру да мясцовых валют у залежнасьці ад кошту бутэрброду кампаніі McDonald’s, вырабленага ў той ці іншай краіне. Паводле гэткага індэксу канапак атрымліваецца, што самая дарагая валюта ў Нарвэгіі, бо біг-мак там каштуе $7.2, а адна з самых танных — юань, курс якой на 40% заніжаны, калі меркаваць па кошту біг-маку ў ЗША (там ён каштуе цяпер $3.80).

Тэорыя

Індэкс біг-маку — неафіцыйны спосаб вызначэньня парытэту пакупніцкай здольнасьці (ППЗ). Ён заснаваны на тэорыі парытэту пакупніцкай здольнасьці, паводле якой валютны курс павінен ураўноўваць кошт кошыку тавараў у розных краінах (то бок, адносіны абменных валютных курсаў), толькі замест кошыку бярэцца адзін стандартны бутэрброд кампаніі McDonald’s. Гэта робяць дзеля таго, каб вызначыць рэальныя абменныя курсы валютаў розных дзяржаваў. Такія дасьледаваньні часопіс «The Economist» ладзіць з 1986 году.

А што ў Беларусі?

У беларускім McDonald’s зьесьці біг-мак можна за 8 200 рублёў альбо за $2.7 па афіцыйным курсе. Што гэта значыць? Паводле індэксу, беларускі рубель у нашай краіне значна недаацэнены, а даляр мусіць каштаваць 2 160.

Дарэчы, валюты нашых суседзяў, калі меркаваць па гэтым індэксе, таксама недаацэненыя. Сапраўдны курс расейскага рубля мусіць быць 20.5 за даляр (афіцыйны — 28.1 рубля), а грыўны — 4.2 замест 7.97.

Але хутка чакаць усталяваньня курсу ў 2 160 наўрад ці варта. Айчынны біг-мак ня мусіць каштаваць столькі ж, колькі і амэрыканскі. Бо булка, карова і агуркі ў ім адрозныя ад заакіянскіх — адсюль і розьніца ў коштах выніковага прадукту. Тым больш эканоміку Беларусі цяжка назваць цалкам рынкавай — а гэта таксама грае істотнае значэньне пры параўнаньні.

Дарэчы, ня так даўна беларусы вырашылі перагледзець заходнія эканамічныя падыходы і прыдумалі ўласны «Індэкс велікоднага куліча». Як піша «Эўрарадыё», паводле гэткага індэксу беларускі рубель наадварот мусіць абваліцца. Зрэшты, да таго ўсё і ідзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.