Пасьля «Вар’ятаў» прыходзяць «Героі!»: новы альбом IQ48 хутка ў крамах Менску

 

«Героі!» — такая назва ў новага альбому гурта IQ48, які днямі зьявіцца ў музычных крамах Менску. З часу выхаду папярэдняга альбому «Вар’яты» прайшло ўжо 3 гады. Ці застаюцца «здаровыя лосі» ласямі, дзе шукаюць герояў, натхненьне, чаму ня будуць выкладаць новы альбом у Сеціва, пра сяброўства, айк’юшную групіроўку і чаму ў гурце адныя хлопцы — Generation.bY распавядаюць Саня Ракавец і Яўген Бузоўскі.

Новы альбом IQ48: гадзіна «Герояў!»

«Дарослы такі рокавы альбом, але з вар’яцкім кактэлем»

Саня: «Героі!» адрозьніваецца ад першага альбому найперш канцэптуальнасьцю, музыкай, стаў больш дарослы. Гэта ня значыць, што мы цяпер сур’ёзныя і дзелавыя, проста прайшоў пэўны этап, у гэтым альбоме больш закранута сур’ёзных тэм, але ўсё адно прысутнічае наш пазытыў. Мы заўжды ўсё пішам з намёкам, што ўсё будзе добра.

Яўген: Першы пяток песень сур’ёзны, потым раскілбас пачынаецца. Ёсьць такія дзьве ўмоўныя часткі, але, падаецца, што гэта арганічна атрымалася. Альбом атрымаўся больш доўгі па часе: 58 хвл і 48 сэкундаў. Ёсьць і нечаканыя сюрпрызы.

Саня: Будзем класьці ў пакункі пустыя дыскі… і абутак Белвест, і каляндарыкі:)))))

Яўген: Альбом больш рокавы, у Санька голас стаў болей сталы, болей пракураны, нібы ён у лютым недзе ў вакно крычаў, халяву клікаў:) Дарослы такі рокавы альбом.

Саня: Але прысутнічае і хіп-хоп, і ска, і панк — вар’яцкі кактэль застаўся.

Яўген: Тэксты Санька, мае, Зьмітра Лукашука, Міхала Анемпадыстава, пераклалі на беларускую тэкст Сашы Ролава (ex-Ляпіс Трубяцкой) — песьня «Марсіяне». Напачатку плянавалася, што яна ўвойдзе ў ягоны сольны альбом, але ж у выніку апынулася ў нас. Мы яе перарабілі, і нават пачатковы тэкст застаўся вельмі ўмоўны — «па матывах Сашы Ролава».

Саня: Ёсьць песьня на словы Янкі Купалы. Пасядзелі зь ім у кавярні:) Таксама кажа — такі файны тэкст ёсьць, зрабіце песьню. Ну, кажам, Янка, давай.

Яўген: У Беларусі звычайна на словы Купалы ці Коласа ці нейкі пафасны музон прыдумваюць ці фолькавыя матывы. Мы наадварот захацелі іншым, альтэрнатыўным шляхам пайсьці — спалучыць брытанскае гучаньне ў «Гэй, наперад!» і такі тэкст. Здаецца, атрымалася даволі своечасова і модна.

Пра час

«Мы не Ягор Летаў, які пісаў па 40 альбомаў — у нас песьні нараджаюцца вельмі павольна»

Яўген: Другі альбом чакалі доўга. Па-першае, беларускі шоўбіз ня самы разьвіты — песьні нараджаюцца, але грошаў своечасова іх запісаць не заўжды стае. Пакуль знойдзеш грошы, дзе запісаць, з кім — вось і час ідзе. Па-другое, гэта асаблівасьць нашага гурта. Мы не Ягор Летаў, які пісаў па 40 альбомаў — у нас песьні нараджаюцца вельмі павольна.

Саня: Варацца ў сваім саку. Мы можам зрабіць песьню, а потым прыйсьці на наступную рэпэтыцыю, паслухаць яе яшчэ раз, а потым перадумаць і цалкам перарабіць.

Яўген: Самае крыўднае бывае, калі песьня нараджаецца, мы яе на рэпэтыцыях граем месяц, другі, трэці… нават на канцэртах можам зайграць. А потым адзін з нас кажа: не, не падабаецца мне, другі кажа: не падабаецца. Ня ведаеш, што і рабіць — перарабляем. Можна сказаць, альбом атрымаўся вымучаны, шмат нэрваваліся, шмат накладак было па ходу, але калі ўсё атрымалася, мы ў сябе па хатах паслухалі, і ўжо тэлефанавалі адзін аднаму са словамі: «зашыбісь» :) Атрымалі як раз тое, што хацелі.

Саня: Мы імкнуліся ў гэтым альбоме перадаць менавіта жывы гук, не прылізваць. Вядома, гэта не канцэртны запіс, але мы стараліся перадаць нашу атмасфэру.

Яўген: Мы застаемся «здаровымі лосямі» і нават яшчэ здаравей:) Па ўсіх сэнсах гэта наш альбом, на нас ня ціснуць ніякія прадусары. Гэта наша дзіцятка, другое:)

Пра герояў

 

«Героі — гэта людзі, якія па сваіх перакананьнях будуць ісьці да канца, будуць верыць, змагацца і заставацца людзьмі»

Яўген: Галоўная песьня альбому — «Героі». Я не сядзеў і ня думаў, што пра гэта абавязкова патрэбна напісаць. Проста быў час, гады два таму, вясной, у 2006-м. Гэта песьня ня толькі пра пачуцьці, якія былі той вясной. Тая вясна для мяне нейкі вынік падвяла. У ёй адлюстравалася ўсё, што я бачыў дагэтуль і ў час той вясны.

Саня: Песьня пра тых, хто імкнецца рабіць сваю справу, ня гледзячы на нейкія жыцьцёвыя перашкоды.

Яўген: Наагул альбом завецца «Героі!», бо і Беларусі і сьвету зараз не хапае герояў. Да прыкладу, прыходзіць дзяўчынка на канцэрт і ў лепшым выпадку там бачыць гурт «Корни» ці каго з нашай эстрады. Яна хоча бачыць героя, а бачыць сурагат нейкі. Глядзіш тэлебачаньне, хочаш пабачыць другі фільм «Ігла», дзе Віктар Цой, які загінуў, але ж герой. Але нічога глыбокага няма. Герояў няма, але яны патрэбныя. Нехта шукае іх у палітыцы, у спорце — у розных сфэрах. Але, як правіла, не знаходзіць. А героі, гэта, па-просту кажучы, людзі, якіх ты ня ведаеш альбо наадварот, якія сядзяць побач, але па сваіх перакананьнях будуць ісьці да канца, будуць верыць, змагацца і заставацца людзьмі.

Пра натхненьне

«Кухня — самае добрае месца ў кватэры для творчасьці»

Саня: Песьні па-рознаму пішуцца. Часьцей пад уражаньнем ад розных жыцьцёвых сытуацыяў. Кухня — самае добрае месца ў кватэры для творчасьці. Паглядзіш у вакно, ці фільм які альбо рэпартаж па тэлебачаньні ці проста ўзгадаеш учорашні дзень — і гэта натхняе. А некаторыя сюрпрызы зь Яўгенам пісалі ў гарадзкім транспарце — у траліку на раёне:).

Яўген: Хто бываў на нашых канцэртах, можа заўважалі ў мяне такую скрынку. Хто выходзіць на сцэну з гітарамі, з мікрафонамі, а я яшчэ й са скрынкай пад бокам. У гэтай скрыні гітарныя фільтры захоўваюцца — яе мне Паўлік Яноўскі (гукарэжысэр новага альбому IQ48, гітарыст гурта «Пару рублей») зрабіў. Ну што ў такіх выпадках робіцца? Ня будзеш жа плаціць сябру за працу — я яму праставіўся пасьля рэпэтыцыі. Добра праставіўся, прачнуўся потым у хаце ў такім стане спэцыфічным. Узяў гітару акустычную, пайду, думаю, на кухню пасяджу, каб жонку ня будзіць. Сеў уначы насупраць вакна — там трамваі нейкія езьдзяць і неяк пачалі словы ісьці, ісьці… Так за нейкіх хвілін 15 зьявілася песьня «Абрыдлі паці, абрыдлі п’янкі».

IQ48 — 8 год. Пра ўзрост


Саня: Мы і малады гурт, і проста гурт. Мяне гэта ня парыць.

Яўген: Гэта ня плюс і ня мінус. Можна ўзгадаць гурт Nirvana, які за пяць год зрабіў столькі, колькі, да прыкладу, Іосіф Кабзон не зрабіў за ўсё сваё жыцьцё. Таму тэрміны жыцьця й маладосьці ў творчасьці нічога ня значаць. Але калі падумаць, то мы ня столькі малады гурт па творчасьці, колькі маладыя духам.

Саня: Калі пралічыць сярэдні ўзрост удзельнікаў IQ48, то атрымліваецца 28,4 гады:)

Яўген: Я нядаўна маці падарыў першы альбом. Можа яна яго й слухаць ня будзе, але ёй прыемна патрымаць у рукох:) А на мінулым тыдні на канцэрт у Гародні завіталі бацькі нашага бубнача Антохі. Гэта, канешне, абсалютна розныя пакаленьні, але прыемна. Бацькі ганарацца намі, хоць гэта й ня значыць, што яны любяць менавіта такую музыку.

Пра музыку IQ48 у Сеціве

«Ёсьць спадзеў, што калі чалавек спампаваў у Сеціве бясплатна і яму спадабалася музыка, то ён пойдзе ў краму і набудзе плытку»

Саня: Самі альбом у Сеціва выкладаць не зьбіраемся. Канешне, калі нехта выкладзе, перасьледаваць чалавека ня будзем. Наш першы альбом па нэце гуляе. Усё адно музыкі ў Беларусі не зарабляюць дастаткова з продажу плытак, нейкі прыбытак ёсьць з канцэртаў.

Яўген: Мы не AC/DC, якім дастаткова нават маўчаць на запісе — гэта будзе карыстацца папулярнасьцю сярод прыхільнікаў. Я ня бачу сэнсу выкладаць альбом у Сеціва — ён усё роўна там зьявіцца, але ёсьць спадзеў, што калі чалавек спампаваў у Сеціве бясплатна і яму спадабалася музыка, то ён пойдзе ў краму і набудзе плытку.

Пра касэты, тэндэнцыі і музычныя густы

«З аднаго боку, песьні выкладаюць у Сеціве, а зь іншага — выдаюць на дарагіх вінілах»

Яўген: Здаецца, я быў апошнім чалавекам у Менску, хто слухаў музыку на касэтах. Усе ўжо езьдзілі як мінімум з такімі круглымі cd-плэерамі, а асабліва прасунутыя ўжо й з флэшамі, а я яшчэ езьдзіў з касэтай — я так схаваюся, перастаўлю касэту. Red Hot Chili Peppers яшчэ два гады таму так слухаў:)

Зараз заўважаецца ў музычным сьвеце такая тэндэнцыя, што з аднаго боку выкладаюцца песьні ў Сеціва, а зь іншага нейкія калекцыйныя рэчы робяцца на вінілах і каштуюць досыць дорага, бо і гук лепей і для калекцыянэраў такая рэч дарагая ва ўсіх сэнсах. Вось Metallica зараз так зрабіла, хоць для мяне Metallica застанецца гуртом недзе так да года 91-га, што яны робяць зараз хутчэй можна назваць самаплягіятам — спрабуюць вярнуцца да ранейшага гучаньня. Але я памятаю яшчэ школьныя часы, альбом Master of Puppets, калі лёталі з касэтай па горадзе.

Зараз з нашай музыкі падабаюцца Ляпісы — вельмі файны апошні альбом. Хоць, здаецца, іх ужо й перахвалілі крышачку. Усе вельмі чакалі гэты альбом — і ён вельмі добры, але сказаць, што з 5-ці балаў ён на «5+», я б ня змог. Хоць у Беларусі такога я яшчэ ня чуў. І выступ Ляпісаў на Be2gether — лепшае, што я бачыў. А з замежнага праслуханага падабаецца апошняе ў Red Hot Chili Peppers… І, канешне, Muse — зь першай песьні да апошняй, і з усімі кавэрамі! Шурыку пашэнціла — ў лютым ганяў ва Ўкраіну на Muse.

Саня: Muse — самы лепшы канцэрт, што я бачыў. Слухаем рознае, і густы зьмяняюцца. Канешне, і на нашай творчасьці гэта адбіваецца. Прынамсі, за сябе магу сказаць — хочацца граць тое, што падабаецца.

Пра матывацыю, сяброўства і гетэрасэксуальнасьць

 

«Ня хочацца проста з працы на працу, з працы на працу, увечары піўка і на масу»

Яўген: Безумоўна, файна было б прачынацца ў дзевяць-дзесяць, рабіць сьняданак, ісьці на рэпэтыцыю і каб гэта яшчэ й грошы прыносіла. Але ў Беларусі такое цяжка ўявіць. Я зь дзяцінства прызвычаіўся: пагляджу які мульцік ці фільм, адразу ж бяруся за плястылін ці аловак, каб нешта і сваё рабіць, каб было нейкае адлюстраваньне таго, што ты бачыш. Вось забяры ў мяне зараз гітару і скажы: не займайся музыкай — ня ведаю, што буду рабіць. Але ня хочацца проста існаваць, можа падамся кніжкі ўзмоцнена чытаць, ці ў нейкі экстрэмальны від спорту пайду, але гэтага будзе мала.

Саня: Ня хочацца проста з працы на працу, з працы на працу, увечары піўка і на масу. Патрэбен нейкі адрэналін. Нам пашэнціла з гуртом. Мы ня проста граем разам музыку — мы групіроўка, разам адпачываем, ходзім адзін да аднаго ў госьці, мы сябры й калегі.

Яўген: Так склалася, што ў гурце няма дзяўчат — адныя хлопцы. І гэта добра, хочацца заставацца такімі гетэрасэксуальнымі «здаровымі ласямі». Была б дзяўчына ў гурце, прыхільніцы б раўнавалі:)

Прэзэнтацыя новага альбому IQ48 пройдзе 12 сьнежня ў менскім клюбе Nightstar. Як кажа Яўген, «гэта будзе самы вялікі канцэрт IQ48 па колькасьці песень — можа быць нават прыйдзецца рабіць два аддзяленьні».

Аўтар фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.