У Вялікабрытаніі плянуюць прывесьці ўсе цыгарэтныя пакункі да аднаго выгляду

Яркія вітрыны з пакункамі цыгарэтаў на касах крамаў у Вялікабрытаніі цяпер стануць аднатоннымі і малапрыцягальнымі. Міністэрства аховы здароўя Вялікабрытаніі прапануе ўвесьці забарону на любыя адрозныя знакі на цыгарэтным пакунку ў мэтах барацьбы з паленьнем. Па плянах, цыгарэтныя пакункі ня будуць розьніцца ні колерам, ні графікай, ні фірмовым напісаньнем ці лягатыпам.

 
  У такі выгляд плянуюць прывесьці цыгарэтныя пакункі.

Пра задумку брытанскіх чыноўнікаў піша Guardian.Тытунёвыя вытворцы абураныя тактыкай уладаў, бо прагназуюць рэзкі спад продажаў і ўжо падлічваюць урон. Новаўвядзеньне яшчэ не зацьверджанае юрыдычна, й хваля абмеркаваньняў ідзе па ўсёй Вялікабрытаніі.

Аналітыкі прагназуюць, што забарона на брэндынг цыгарэтаў найперш адаб’ецца на буйных брэндах, як Marlboro і Silk Cut, адзін пакунак зь якіх у Вялікабрытаніі каштуе ў сярэднім 6 фунтаў. Калі ўсе пакункі аднолькавыя, навошта пераплочваць, разважаюць аналітыкі.

А стваральнікі закону разьлічваюць, што няяркія аднолькавыя пакункі будуць менш прыцягальныя для падлеткаў і моладзі, якія часта робяцца ахвярамі брэндаў і заманлівых рэклямных кампаніяў і пачынаюць паліць, каб адпавядаць разрэклямаванаму іміджу.

Дарэчы, такая ж ідэя некалькі год таму разглядалася ў Канадзе, але не была зрэалізаваная з-за небясьпекі неадпаведнасьці міжнароднаму праву і сумненьняў, ці будуць «белыя пакункі» эфэктыўнымі.

Што да думкі тытунёвых кампаніяў, то, да прыкладу British American Tabacco сьцьвярджае, што ідэя з аднолькавымі пакункамі абсалютна неэфэктыўная ў барацьбе з паленьнем, бо з-за аднолькавасьці брэндаў кошты на цыгарэты ўпадуць і набыць тытунь стане толькі прасьцей, а простыя пакункі могуць да таго ж выклікаць рост кантрабанды, бо падрабіць іх вельмі проста й танна.

Зрэшты, ідэяў барацьбы з паленьнем у Вялікабрытаніі дастаткова. Так, увесну гэтага году яшчэ ў адным законапраекце прапаноўвалі наагул забараніць выстаўляць пакункі з цыгарэтамі ў вітрынах альбо на паліцах крамаў. Па ідэі, пакупнік мусіў запытвацца, ці ёсьць цыгарэты і якія — і набываць іх літаральна «з-пад прылаўку». А паводле закону, прынятага яшчэ ў мінулым годзе, з кастрычніку 2009 на ўсёй тытунёвай прадукцыі ў Вялікабрытаніі мусяць быць папярэджваючыя малюнкі: фота пашкоджаных лёгкіх ці хворых зубоў і інш.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1282 seconds.