AC/DC адмовіліся распаўсюджваць трэкі новага альбому праз інтэрнэт-крамы
Аўстралійскі гурт AC/DC заявіў, што іх новы альбом «Black Ice», які выйдзе праз тыдзень, будзе прадавацца выключна ў традыцыйных музычных крамах. Альбом ня будзе распаўсюджвацца ў лічбавым фармаце праз Сеціва, бо на думку лідара гурта такі падыход забівае музыку. Аднак з 7 кастрычніка альбом ўжо трапіў ў torrent-сеткі, дзе яго пасьпелі спампаваць болей 400 000 разоў.
AC/DC адмаўляецца распаўсюджваць свой альбом пра інтэрнэт-сэрвісы кшталту iTunes, бо не жадае, каб людзі набывалі трэкі паасобку. Стыў Джобс з Apple калісьці ў часе старту iTunes аблётаў паўсьвету, асабіста пераконваючы вядомых музыкаў пагадзіцца на тое, каб трэкі прадаваліся паасобку. Многія згадзіліся, і з таго часу адбылася сапраўдная рэвалюцыя ў падыходзе да распаўсюду музыкі. Аднак олдскульны AC/DC адмаўляецца зьмірыцца з такім станам рэчаў.
«Мабыць я выглядаю старамодным, але гэты iTunes, можа забіць музыку, калі ня будзе асьцярожным» — заявіў Reuters 61-гадовы вакаліст AC/DC Brian Johnson.
Пакуль дзядуля Brian Johnson разважае пра шкоду крамы iTunes, новы альбом AC/DC свабодна распаўсюджваецца па Сеціве праз torrent-сеткі, куды ён трапіў яшчэ 7 кастрычніка.
«Black Ice» стаў пятнаццатым альбомам AC/DC. Агульны наклад чатырнаццаці папярэдніх ацэньваецца ў 200 мільёнаў копіяў па ўсім сьвеце.