«Летуценьнікі» — у Сеціве і TV даступны для прагляду новы кліп гурта «Безь Білета»
Безьбілетнікі сыгралі сваіх «Летуценьнікаў» у кардоннай скрынцы пад Эйфелевай вежай. Кліп цяпер даступны гледачам, а ўжо 7 лістапада вялікім канцэртам у Менску распачнецца тур «Безь Білета» па Беларусі: Магілёў, Гомель, Бабруйск, Баранавічы. Канцэрт у Менску прысьвечаны заснаванаму гуртом і ўжо традыцыйнаму «Дню Безьбілетніка».
Відэа на гітовых «Летуценьнікаў» ужо можна пабачыць у Сеціве і TV. Музыкі кажуць, што кліп натхнёны працамі вядомага францускага рэжысэра і кліпмэйкера Мішэля Гондры, і найперш ягоным фільмам «Навука сну».
Відэакліп «Летуценьнікі» гурта «Безь Білета»
Парыж згадваецца і ў тэксьце песьні «Летуценьнікі», а падзеі ў кліпе разгортваюцца непадалёк ад Эйфелевай вежы.
«Па задумцы, музыкі гуляюць у кардоннай
скрынцы-пасылцы , — распавядае вакаліст гурта Артыст. — Мы ўсё падобныя пры гэтым на мульцяшных пэрсанажаў. Нас прыносіць францускі паштальён рознымпэрсанажам-летуценьнікам , якія жывуць у нерэальных інтэр’ерах. „Летуценьнікі“ — адназназначна не чарговы глямурны кліп, гледачы абавязкова зьвернуць на яго ўвагу. Я так прасякся ідэяй, што нават сам сядзеў над кліпам некалькі начэй разам з нашым графікам Мікалаем Скалковым, даводзячы да розуму дэталі».
Дарэчы, напярэдадні выхаду новага відэа зьявіўся першы афіцыйны рэліз «Безь Білета» ў Расеі — сынгл «Летуценьнікі». Апроч дзьвюх вэрсіяў песьні «Летуценьнікі» у сынгл увайшлі два рэміксы на яе: ад маскоўскага дыджэя Rusty Gale і беларуса Alex Fish.
Бліжэйшы канцэрт гурта пройдзе ў Менску 7 лістапада ў клюбе «Рэктар» і будзе прысьвечаны «Дню безьбілетніка 2008». Музыкі прапануюць усім жадаючым запісаць на відэа (камэру, фотаздымач, мабільнік) свой уласны расповед пра тое, як удалося зрабіць нешта без білета.
Самі ж «безьбілетнікі» рыхтуюцца да туру па Беларусі. 14 лістапада гурт выступіць у Магілёве (клюб «Ліга»), 15 лістапада — у Гомелі (ГЦК), 23 лістапада — у Бабруйску (Палац мастацтваў), 28 лістапада — у Баранавічах (клуб «New Sound Land»).
Інфармацыя паводле прэс-рэлізу гурта