Студэнт замовіў у інтэрнэт-краме MP3-плэер, а атрымаў баявы пісталет
Канадзкі студэнт быў, мякка кажучы, зьдзіўлены, калі замест MP3-плэера, які ён набыў на інтэрнэт-аўкцыёне eBay, кур’ер даставіў яму пісталет і ліцэнзію на яго ў дадатак.
Як распавядае студэнт-трэцьцякурсьнік Брэндан Бучану з Унівэрсытэта Саскачэвана, кур’ер даставіў яму бандэроль, надпіс на якой сьцьвярджаў, што ўнутры знаходзіцца замоўлены ім МР3-плэер. Але калі Брэндан разгарнуў пасылку, перад ягонымі вачыма апынуўся пісталет Smith & Wesson, да якога прыкладалася яшчэ і ліцэнзія, паведамляе RBC.ru.
«Я быў ў шоку, убачыўшы пісталет. Паколькі я вельмі далёкі ад прафэсіі кілера, то ніяк ня мог зразумець, навошта мне даслалі зброю. Адзіным лягічным тлумачэньнем было тое, што гэта памылка», — распавядае Брэндан.
Студэнт вырашыў, што лепш за ўсё будзе паведаміць пра дзіўную пасылку ў паліцыю, якая адразу ж канфіскавала зброю. Таксама Бучану даслаў ліст у электронную краму, дзе яму паабяцалі абавязкова даслаць яму сапраўдны плэер.
На памяць пра інцыдэнт студэнт пакінуў сабе копію ліцэнзіі, якую зьмясьціў у рамачку і павесіў на сьцяну. Па словах прадстаўнікоў канадзкай мытні, пісталет змог спакойна пераправіцца празь мяжу, паколькі пасылкі, што прыходзяць з ЗША, «прасьвечваюцца» толькі выбарна.