Брытанскія музыканты аб'ядналіся ў кааліцыю супраць лэйблаў

Некалькі дзесяткаў вядомых брытанскіх музычных зорак распачалі ў нядзелю кампанію «за новыя лічбавыя правы». Артысты і музыканты стварылі альянс, каб мець магчымасьць кантраляваць правы на сваю музыку ў лічбавую эпоху. У арганізацыю Featured Artists Coalition увайшлі Radiohead, Iron Maiden, The Verve, Robbie Williams і іншыя.

Удзельнікі кааліцыі спадзяюцца перахапіць у гуказапісвальных лэйблаў кантроль над музыкай і самастойна вырашаць, як і па якіх коштах яна павінна рэалізоўвацца. Бо новыя тэхналёгіі настолькі імкліва зьмяняюць музычную індустрыю, што музыканты часта ня могуць усачыць за тым, як іх трэкі распаўсюджваюцца па Сеціве.

«Надышоў час для артыстаў мець моцны калектыўны голас, каб абараняць свае інтарэсы», — лічыць Brian Message адзін з мэнэджараў Radiohead. Ён адзначае, што лічбавая прастора зьмяняецца вельмі хутка, і новыя дамовы ў гэтых умовах ўзьнікаюць усё часьцей. Але часта ў гэтых дамовах адсутнічаюць людзі, якія сапраўды робяць музыку.

Featured Artists Coalition будзе шукаць шляхі для паляпшэньня становішча артыстаў у шоў-бізнэсе, а таксама зоймецца правядзеньнем кампаній па абнаўленьні законаў, якія будуць адпавядаць новым умовам у музычнай індустрыі.

vojur 08:30, 08/10/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0552 seconds.