У гурце Muse цяпер будуць граць дактары навук
Ніводзін з удзельнікаў гурта Muse дагэтуль ня меў вышэйшай адукацыі, аднак усе тры музыкі цяпер атрымалі ступені дактароў навук. Да шматлікіх музычных узнагародаў рок-гурта дадаліся ганаровыя ступені дактароў мастацтваў прэстыжнага брытанскага Ўнівэрсытэта Плімута.
Muse. Выява з museband.net.
Гітарыст Matt Bellamy, бубнач Dom Howard і басіст Chris Wolstenholme былі адзначаныя за ўнёсак у разьвіцьцё сучаснай музыкі, паведамляе NME.
Выступаючы на ўручэньні ступеняў, Matt Bellamy зазначыў:
«Я ўпэўнены, што мы ня вартыя. Мы ніколі не хадзілі ва ўнівэрсытэты, таму гэта сапраўды вельмі шмат для нас значыць, — і дадаў жартам, — Магчыма, цяпер мы зможам прадстаўляцца і як дактары».
Дэкан факультэта мастацтваў Унівэрсытэта Плімута David Coslett тлумачыць рашэньне ўнівэрсытэта:
«Muse вызнаецца ня толькі як адна з самых захапляльных камандаў жывой музыкі ва ўсім сьвеце, але як гурт, які пашырае музычныя межы. І яны заваявалі шмат узнагародаў, якія пацьвярджаюць гэта: пяць узнагародаў MTV Europe Music Awards, чатыры Q Awards, чатыры NME Awards, дзьве Brit awards і іншыя. Унівэрсытэт Плімута рады гонару адлюстраваць грамадзкае прызнаньне іх дасягненьняў праз уручэньне ступеняў дактароў навук».