Дагрукацца да Балтыйскага мора: Вільня, Клайпеда, Куршская каса, Паланга

Седзячы восеньскім днём ва ўнівэрсытэце на занятках ці ў офісе на працы, прыемна ўзгадаць штосьці зь летніх прыгодаў. Нехта вандраваў пераважна маршрутам дом-праца, хтосьці скараў аўтаспынам Эўропу, езьдзіў на аўто па Ўкраіне ці дасьледваў Беларусь. А Slaver накіраваўся на поўнач — да Балтыйскага мора, па дарозе аглядаючы гістарычныя месцы і наведваючыся ў літоўскія бары зь ірляндзкім півам. Менск-Вільня-Клайпеда-Куршская каса-Паланга — яшчэ адзін маршрут для добрых вакацыяў.

Лета ў Летуве

Плянуючы свой даўгачаканы адпачынак, я дакладна вырашыў, што гэтым разам я яго правяду дзе-небудзь на моры. Доўга шукаліся зручныя ў часовым і фінансавым плянах маршруты. У выніку была абраная Адрыятыка са сваім цёплым морам, чыстым пяском і прыязным гатэлямі. Але, як часьцей заўсёды ўсё гэта бывае, плянам ня было магчымасьці рэалізавацца, і ў апошні момант прыйшлося прыдумляць новы маршрут… Выбар спыніўся на суседняй Летуве і Балтыйскім моры, аб чым я ні на кроплю не пашкадаваў.

Вільня

Спачатку было вырашана завіснуць на некалькі дзён у Вільні — папіць піва, пахадзіць па вузкіх вулачках, паглядзець знакамітыя помнікі беларускай гісторыі. І хоць у Вільні быў ня першы раз, але атрымалася знайсьці цікавыя месцы, дзе раней не бываў. Так абсалютным пераможцам у гэтым пляне стаў ірляндзкі паб The Dubliner, дзе быў выпіты ні адзін літар Guinness у кампаніі сяброў і прыгожых летувіскіх афіцыянтак :)

Клайпеда

Ужо зь Вільні мы накіраваліся ў Клайпедубуйнейшы порт Летувы і адзін з буйнейшых у Балтыйскім моры. Горад цікавы і мае сваю гістарычную спэцыфіку. Да 1923 года Клайпеда належала Нямеччыне і называлася Мемель.

«Урад Летувіскай Рэспублікі жадаў далучыць горад, але не было ні гістарычных, ні этнаграфічных падстаў для абгрунтаваньня такіх дзеяньняў. Каб атрымаць хоць якія падставы для прад'яўленьня правоў на горад, летувісы нанялі францускіх жалнераў, якія пераапрануўшыся ў цывільнае адзеньне, з лёзунгамі на летувіскай мове паднялі паўстаньне, якое выглядаля як „жаданьне старажытнага летувіскага горада“ далучыцца да Летувы. Антанта, пасьля перамогі, рознымі шляхамі паслябляла Германію, і зь лёгкасьцю пагадзілася перадаць гэты нямецкі горад Летуве». Вікіпэдыя

Літва
Адна з вуліцаў Клайпеды. На фоне — гатэль «Klaipėda». Фота Slaver.

Падчас Другой сусьветнай вайны горад вярнуўся да Нямеччыны, але ў 1945 году Клайпеда была акупаваная Савецкімі войскамі і далучаная да Калінінградзкай вобласьці, а ўжо ў 1950 годзе аддадзеная Летувіскай ССР. Па сваім зьнешнім выглядзе горад хоць і захаваў часткова нямецкі твар, дзякуючы забудове старога гораду, але за кошт значных стратаў часоў вайны і амаль пацідзесяцігадовага знаходжаньня ў складзе СССР, атрымаў новы выгляд з шырокімі вуліцамі і аднастайнымі панэльнымі дамамі. Дамінантай гораду зьяўляецца будынак гатэлю «Klaipėda», які бачны амаль зь любой кропкі гораду. Ён пачаў будавацца ў 1983 годзе, а свой цяперашняя аблічча атрымаў літаральна некалькі гадоў таму.

Найбольш значнае гістарычнае месца гораду — Тэатральная плошча. На ёй зьмешчаны Драматычны тэатр, пабудаваны ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя, знакаміты ў першую чаргу не сваімі тэатральнымі шоў, а выступам Адольфа Гітлера на балконе тэатру 23 сакавіка 1939 году.

Літва
Тэатральна плошча: з балкону Драматычнага тэатру выступаў Гітлер у 1939 годзе. Фота Slaver.

Перад тэатрам знаходзіцца фантан Сымона Даха, нямецкага паэта 17 стагодзьдзя, які нарадзіўся ў Клайпедзе. Ён знакаміты, перш за ўсё, вершамі песьні «Анхен з Тараў» (Ännchen von Tharau). У 1637 годзе ў кірхе гораду Тараў (цяпер мястэчка Ўладзімірава Калінінградзкай вобласьці) адбылося вянчаньне дачкі мясцовага пастара Анхен Нэандэр с пастарам Ёганам Партацыюсам. На гэтай урачыстасьці прысутнічаў і Дах, які зь першага позірку закахаўся ў чужую нявесту. У вершах, на якія была потым напісаная песьня, папулярная дагэтуль у альпійскіх раёнах Нямеччыны і Аўстрыі, ён распавёў пра свае пачуцьці:

Анхен з Тараў, мілая мая
Жыцьцё маё немагчыма безь цябе
Анхен з Тараў, разам мы цяпер
Будзем з табой у шчасьці і бядзе
Анхен з Тараў, ты каханьне маё
Ты маё багацьце, плоць і кроў…
Арыгінал

А над фантанам Даха ўзвышаецца невялічкі помнік… Анхен. Упершыню гэтая кампазыцыя зьявілася дзякуючы архітэктару Кюнту напачатку 20 стагодзьдзя. Але падчас апошняй вайны помнік быў разбураны і толькі 18 лістапада 1989 году яго аднавілі.

Літва
Стары порт. Надвор'е неспакойнае… Фота Slaver.

Калі ісьці ў Стары порт ад Тэатральнай плошчы, мы пройдзем праз невялічкі мэталічны мосьцік праз канал паміж Старым замкам і ракой Данэ — гэта адзін развадны мост на ланцугах у Летуве. Што тычыцца замку, то ад яго фактычна нічога не засталося, але працуе музэй. Затое жыцьцё ў Старым порту віруе: менавіта адсюль кожныя паўгадзіны ходзіць паром на Куршскую касу — загадкавае месца, якое аддзяляе Балтыйскае мора ад заліву, на беразе якога зьмяшчаецца пераважная частка Клайпеды. Насамрэч, з самой Клайпеды мора вы і ня ўбачыце — ўсе берагі ахінаюць бясконцыя партовыя докі і прычалы. Але 5 хвілін на пароме — і вы на касе. Яшчэ 15 хвілін пешшу праз цудоўны сасновы лес — і вы на моры!

Літва
Стары порт: адсюль ідуць паромы на Куршскую касу. Фота Slaver.

Куршская каса

Мора тут цудоўнае: блакітныя хвалі, чысты пясок, сьвежае марское паветра зьмяшанае з пахам соснаў і… мала людзей. Клайпеда горад не турыстычны, таму на пляжы можна ўбачыць толькі рэдкіх залётных аматараў, спартсмэнаў, якія праводзяць тут трэніроўкі, ды й нешматлікіх мясцовых. На касу пераважна едуць, каб паглядзець унікальны Марскі музэй ды пабываць у Дэльфінарыі. Але для нас галоўным было мора :)

Літва
Пляж на Куршскай касе. Фота Slaver.

Куршская каса зьяўляецца нацыянальным паркам і ўваходзіць у Сьпіс помнікаў UNESCO. Даўжыня яе складае амаль 100 кілямэтраў, а шырыня даходзіць да 3,8 кілямэтраў у раёне мыса Бульвікіна, крыху паўночнее Ніды — адзінага гарадку на тэрыторыі касы з боку Летувы. Туды ходзіць аўтобус некалькі разоў на дзень, ёсьць некалькі невялічкіх гатэляў, порт, маякі… Карацей, спакойнае мястэчка ўдалечыні ад штодзённага быту. Але лепш за ўсё знайсьці дзікае месца на касе і паставіць намёты. Праўда, трэба быць акуратным — усё ж нацыянальны парк.

Паланга

Літва
Паланга. Вуліца Басанавічуса: рай для турыстаў. Фота Slaver.

Калі Клайпеда не зьяўляецца турыстычнай мекай, то Паланга зусім наадварот. Тут няма нічога, апроч мора і натоўпаў турыстаў. У горадзе фактычна адна вуліца, на якой зьмяшчаюцца дзясяткі бараў-рэстаранаў і сувэнірных крамак. Пешаходная вуліца Басанавічуса скончваецца шматмэтровым прычалам, па якім можна зайсьці далёка ў мора. Гэта неверагоднае пачуцьцё: здаецца, пад нагамі зямля, але вакол цябе толькі мора і вецер!

Літва
Паланга. Знакаміты прычал: далёка ў мора. Фота Slaver.

Як ня бачна, дзе скончваецца мора, так ня бачна, дзе скончваецца пляж. У Паланзе пляж бясконцы і людзей там ня менш. Але паўсюдна чыста! Апроч гэтага досыць розных забавак: калі мы былі, там нават праходзіў нейкі турнір па пляжным валейболе.

Літва
Паланга. Мора. Фота Slaver.

Вяртаньне

На жаль, наш трып быў непрацяглы, мора было мала, але ўражаньняў хопіць да наступага адпачынку. Думаю, праз год можна заехаць на касу падалей, разьбіць лягер, валяцца на пяску і хадзіць у Ніду па піва! Далучайцеся :)

Дадатковая інфармацыя

Курс валюты: 1 Lt = 0.29 Euro

Праезд:

  • Менск–Вільня: цягнік (агульны вагон) — 18 580 Br
  • Вільня–Клайпеда: цягнік (агульны вагон) — 29.60 Lt
  • Клайпеда–Куршская каса: паром — 3.00 Lt
  • Клайпеда–Паланга: аўтобус — 4.50 Lt

Адпачынак:

  • Піва Guinness у пабе The Dubliner — 12 Lt за келіх
  • Піва Švyturo Extra у крамах — 2.99 Lt за пляшку
  • Віскі Jack Daniel у крамах — 52.99 Lt за пляшку 0.75 л.
  • Летувіская медавуха Suktinis (0,5 у калекцыйнай бутэльцы) — 37.49 Lt за пляшку
Slaver 13:05, 26/09/2008 | Маршруты |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.