Новы альбом Metallica трапіў у Сеціва, але гурт надзіва паставіўся да гэтага спакойна
Новы альбом Metallica «Death Magnetic» нягледзячы на ўсе засьцярогі ўсё ж трапіў у Сеціва. Адбылося гэта амаль за тыдзень да афіцыйнага рэлізу кружэлкі, які павінен адбыцца 12 верасьня. Гурт, які раней вельмі катэгарычна ставіўся да наяўнасьці сваіх запісаў у Сеціве, цяпер аднак паставіўся да гэтага з разуменьнем.
Мяркуецца, што адна з францускіх крамаў дачасна выклала ў продаж дыскі з новым альбомам легендарнага гурту.
Тым не менш, музыкі, якія раней вельмі актыўна ваявалі зь інтэрнэт-піратамі, падобна, не занадта прыгнечаныя такому разьвіцьцё падзеяў.
«Да рэлізу кружэлкі засталося ўсяго дзесяць дзён. Цяпер 2008 год і звычайная справа, што такія рэчы адбываюцца, такі цяпер час. Так што – усё ОК, усё шчасьлівыя!» — разважае бубнач Metallica Ларс Ульрых.
Музыкі яшчэ некалькі тыдняў таму пачалі выкладваць новыя песьні на свой сайт. Для таго, каб усе зацікаўленыя маглі азнаёміцца з матэрыялам «Death Magnetic» і нават спампаваць такія-сякія ўрыўкі. Metallica разьлічвала, што прыхільнікі такім чынам атрымаюць уяўленьне пра альбом і знойдуць у сабе сілы дачакацца яго афіцыйнага рэлізу.