Радэк Дамброўскі пра візы на Басовішча: «Дасі чалавеку далонь — захоча ўсю руку»

Каля 400 беларусаў атрымаюць сёлета бясплатныя шэнгенскія візы на Басовішча. Арганізатары ­фэстывалю, Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў у Польшчы, дамовіліся на тое, каб на 150 чалавек было дасланае запрашэньне ў менскую амбасаду Польшчы. Яшчэ таксама болей за 250 візаў здолеюць атрымаць гледачы Басовішча з Гарадзенскай вобласьці. У гэтым паспрыяў гарадзенскі рух «За свабоду» праз мясцовы кансулат польскай амбасады. Аднак толькі ў Менску жадаючых атрымаць бясплатную шэнгенскую візу было каля 1000 чалавек.­

 

Адразу пасьля заканчэньня Басовішча-2007 гледачы фэстывалю пачалі абмеркаваньне, што будзе з фэстам у наступным годзе, бо Польшча ад 2008 году ўступала ў Шэнгенскую зону. Пытаньне візаў застаецца самым гарачым і ў гэтыя апошнія дні перад Басовішчам-2008. Градус абмеркаваньняў у Сеціве зашкальвае — людзі абураюцца на арганізатараў фэстывалю, на Польшчу і агулам на палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі.­

Кіраўнік БАС Радэк Дамброўскі пракамэнтаваў Generation.bY сытуацыю:

«Я маю такі мабыць толькі камэнтар, як дасі чалавеку далонь — захоча ўсю руку. Я думаю, што трэба цешыцца, што ўвогуле нехта паставіўся прыхільна ў тым моманце пры польскім МЗС. Бо яны не мусілі гэтага робіць, бо ніякай карысьці тут для іх няма, а толькі больш працы ў кансулата. І трэба падзякаваць за тое, што кансулат меў магчымасьць дапамагчы нейкім чынам»

Чаму ў Менску так моцна абмежаваная колькасьць людзей, што атрымаюць візы, але ў Горадні фактычна ўсе жадаючыя маюць такую магчымасьць, Радэк патлумачыў так:

«Мабыць проста ў Менскім кансулаце, як у сталічным няма такіх тэхнічных магчымасьцей, а ў гарадзенскі менш людзей падае штодзень на візы, то яны могуць больш аформіць візаў на Басовішча.»

Такім чынам, на дадзены момант сытуацыя выглядае так, што тыя людзі, якія падалі ўчора заяўкі на візу і добра падрыхтавалі свае дакумэнты – атрымаюць бясплатную шэнгенскую візу. Тыя ж каму БАС не даслаў яшчэ пацьверджаньне пра магчымасьць атрымаць візу — ўжо ня маюць фактычна шанцаў яе атрымаць. ­

За 9 ліпеня ў праграме Басовішча адбыліся зьмены. Менскія гурты Znich і Zet, на жаль, ня змогуць удзельнічаць у фэстывалі. Але ў праграму дадаўся берасьцейскі гурт Сьцяна, які будзе адчыняць Басовішча. Пазытыўныя IQ-48, якія раней стаялі першымі, цяпер наадварот будуць фактычна хэдлайнэрамі фэстывалю і завершаць Басовішча-2008.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.