«Бюджэт фільму: грошы на бэнзін, семкі ды піва» — аматарскае кіно ў Дзяржынску
Летняй раніцай у кірунку бліжэйшага ляска пацягнулася кампанія не зусім звычайнага зьнешняга выгляду хлопцаў, апранутых у савецкую вайсковую форму. Асаблівы калярыт ансамблю з формай надавалі звычайныя кеды і сучасныя красоўкі. Сярод ажыўленага абмеркаваньня адзін зь іх дастаў лічбавы фотаапарат і пачаў здымаць відэа — так быў пакладзены пачатак першаму здымачнаму дню поўнамэтражнага аматарскага кіно ў горадзе Дзяржынску.
Адным летнім вечарам кампаніі крэатыўных хлопцаў прыйшла ў галаву ідэя зьняць аматарскі мастацкі фільм. Сярод іх не было ні маладых рэжысэраў, ні на худы канец пачаткоўцаў-актораў, але падлеткаў гэта ніколькі не бянтэжыла. Справа ў тым, што досьвед, хоць і невялікі, у іх ужо быў.
Некалькі гадоў таму, калі ў кампаніі зьявіўся першы шчасьлівы ўладальнік лічбавага фатаздымача, закіпела творчая праца. Але даволі хутка проста рабіць фотаздымкі хлопцам надакучыла, і яны прыдумалі іншую забаву. Сябры зьнялі на фотаздымач відэа пра сваё школьнае жыцьцё, разьмясьцілі падборку сьмешных фотак — і, пасьля нядоўгага «чараўніцтва» на кампутары, змантавалі невялікую гісторыю. Аднаклясьнікам і знаёмым ролік так спадабаўся, што яны працягнулі свае вопыты: здымалі ігравыя кліпы да любімых песень ды прыкольнае відэа са сваіх вандровак за мяжу.
Натуральна, празь некаторы час яны прыйшлі да ідэі паспрабаваць зьняць мастацкі фільм. Цяпер цяжка сказаць, хто менавіта стаў ініцыятарам гэтай фантастычнай на першы погляд ідэі. Самі ж яны кажуць, што гэтая думка калектыўна выношвалася даволі доўга, а наяўнасьць вольнага часу на летніх вакацыях стала толькі своеасаблівым каталізатарам.
Здымачная каманда External City Group у баявой гатоўнасьці да «Атамнага ценю»
Атамны цень
Пасьля калектыўнага абмеркаваньня ідэі, усяго за некалькі дзён быў напісаны сцэнар. Фільм атрымаў назву «Атамны цень».
Хлопцы прыдумалі займальную патрыятычную гісторыю аб тым, што было б, калі СССР і ЗША разьвязалі ядзерную вайну. Па іх сцэнару наступствы апынуліся катастрафічнымі. Сьвет падзяліўся на «чыстыя» і забруджаныя зоны — «цені», якія насяляюць людзі — зомбі, страціўшыя цьвярозы розум. Барацьба паміж савецкімі салдатамі і амэрыканцамі разгарнулася за тыя самыя прыдатныя для жыцьця «чыстыя» зоны. У такі просты, здаецца, сюжэт аўтары змаглі ўкласьці ня толькі патрыятычны зьмест ды сцэны, вартыя для роздуму і далейшага маральнага выхаваньня, але і глыбокія пачуцьці людзей, якія жывуць не ў мірны час.
Здымкі вяліся за горадам на звычайны лічбавы фотаапарат. Беспрэцэдэнтным стаў бюджэт фільму, які склаў, па словах удзельнікаў, грошы на бэнзін, семкі ды піва.
У ролі актораў выступалі самі аўтары ідэі ды іх сябры. Касьцюмы і рэквізыт зьбіралі «ўсім сьветам»: хтосьці прынёс ваенны шынель і форму, нехта адшукаў рэальнага выгляду цацачныя пісталеты і аўтаматы. Праблема грыму таксама была вырашана праз добрых знаёмых, якія далі «пакарыстацца» наборам для тэатральнага грыму. Увогуле, усе пытаньні, якія ўзьнікалі падчас здымак, хлопцы памаленьку вырашалі. Засталася толькі адна: як жа паказаць той момант, калі імправізаваныя кулі трапляюць у праціўніка. Ідэі прыходзілі, часам зусім сьмешныя, нехта прапаноўваў страляць у героя вішнямі ці нечым падобным з рагаткі, альбо прымацаваць пад формай мяшэчак з кетчупам. Але і гэтую праблему яны з гонарам вырашылі.
Праз месяц асноўная праца была завершана.
Зразумела, што такую задумку немагчыма было б зрабіць толькі пры дапамозе акторскай гульні, і у справу ўступілі мясцовыя кампутаровыя геніі. Яны і давялі матэрыял да (без перабольшаньня!) глянцавага бляску. Напачатку фільма была ўстаўлена падборка кадраў ядзерных выбухаў і выступаў кіраўнікоў СССР і Злучаных Штатаў. Быў зроблены «апгрэйд» шматлікіх сцэн супрацьстаяньня, у якіх і было паказана, як жа хлопцы вырашылі «праблему куль» — іх проста дапрацавалі на кампутары, прычым вельмі якасна. А разынкай фільма стала сцэна спрэчкі — манетка, якую падкідае герой, каб дазнацца арол ці рэшка не падае на зямлю, а круціцца ў паветры!
Ня дзіўна, што прэм’ерны паказ «для сваіх» мінуў на ўра. Так, пачаўшы з нуля, але дзякуючы сваёй упартасьці і моцнай падтрымцы адзін аднаго, хлопцы змаглі зрабіць тое, пра што многія студэнты-рэжысэры пакуль толькі мараць. А хлопцы зараз ужо плянуюць здымкі другога фільма.