«Дзецідзяцей» адсьвяткавалі дзіцячы ўзрост і хуткі рост

Дзяцідзяцей 

Творчая каманда з трох тэатралаў (Аня Хітрык, Дзьмітрый Есяневіч, Міхаіл Зуй) і чатырох прафэсійных музыкаў (Юля Глушыцкая, Паша Чымбаевіч, Андрэй Сапанека і Вова Ліхашапка) сьвяткуе сёлета два гад­ы. 13 чэрвеня зь песьнямі, жартамі, жыцьцёвымі гісторыямі і хваляваньнямі гурт «Дзецідзяцей» сьвяткаваў сваё нараджэньне адмысловым канцэртам.

Спалучэньне музыкі і тэатру, плястыкі голасу, душы і цела, калі глыбокія вершы і прыгожыя мэлёдыі спалучаюцца са шчырымі эмоцыямі, калі эмоцыі гледачоў-слухачоў захлістваюць — на афіцыйным сайце гурта гэта называецца «дрым-фрэнк-рок».

У гэтым годзе «Дзецідзяцей» адзначаюць 2 гады творчасьці. Сьвяткаваньне Дня народзінаў адбылося ў пятніцу 13-га ў Цэнтральным доме афіцэраў. Па словах Ані Хітрык, яна вельмі баялася, што квіткі ня будуць прадавацца, а, між тым, у залі не было дзе яблыку ўпасьці. У антракце раз-пораз чуліся размовы кшталту:

«Толькі два гады прайшло, і такая слава… Гэта вялікі посьпех!»

І калі зрабіць падлік, то атрымоўваецца, што гэта сапраўды так: два гады працы = 60 песень + 20 сольных канцэртаў + 2 сольных альбомы + 3 кліпы (зь якіх 2 — у ратацыі Першага музычнага). А яшчэ ўзнагарода ў намінацыі «Адкрыцьцё году» на «Рок-каранацыі 2007» і ўдзел у фэстывалі «Пустые холмы» (Расея). Хуткі пад’ём.

На сьвяткаваньні Дня народзінаў «дзіцячая» тэма была паўсюль: ад мыльных бурбалак на ганку да паветраных балёнікаў, што ўпрыгожвалі сцэну. А самі артысты выйшлі басанож (ну як тут не ўзгадаць выраз «детство босоногое»?). 

А вы памятаеце такую гульню: мячыкам адстукваеш па падлозе як у баскетбол і прыгаворваеш: «Я ведаю пяць назваў гарадоў. Менск — раз…»? Аня Хітрык выйшла на сцэну і пачала: «Я знаю имена девочек. Аня -раз. (Аплядысмэнты) :) Юля — два.» Тое ж і зь імёнамі «мальчиков».

Абаяльная салістка гурта змагла расьсьмяшыць нават сур’ёзных ахоўнікаў сцэны. Увогуле, сьвяткаваньне-канцэрт нагадвала тэатар псыхозу: публіка ўвесь час як на іголках. Спачатку сьлёзы пад песьню «Не надо», казку Андэрсана пра дзяўчынку і запалкі, а пасьля сьмех покатам ад Аніных жартаў і жыцьцёвых расповедаў. 

Дзень народзінаў на тое і сьвята, каб на ім імяніньніку падарункі дарыць. Сёлета папулярнасьцю карысталіся кветкі. Іх дзяўчаты з гурта атрымоўвалі самыя розныя: ружы, валошкі, сланечнікі, гербэры, фіялкі ў гаршчку і нават фікус. А яшчэ сярод падарункаў былі заўважаныя самаробныя лялькі. І як звычайна бывае на такіх сьвятах — конкурс для гасьцей. «Хто першы патэлефануе па гэтым нумары, атрымае прыз!» — паведаміла Аня, адбіваючы мячыкам аб сцэну лічбы тэлефоннага нумару. Хлопец з партэра аказаўся жвавейшым за астатніх і атрымаў той самы мячык, а на радасьцях падарыў Ані Хітрык сваю панаму.

«Детидетей» играют не музыку, а настроение», — гаворыцца на афіцыйным сайце гурта www.detidetey.com. І гэта сапраўды адчуваеш, патрапіўшы на іх канцэрт.

Happy Birthday, «Дзецідзяцей»!

Дзяцідзяцей 

Дзяцідзяцей 

Дзяцідзяцей 

Дзяцідзяцей 

­Дзяцідзяцей 

­Фота Зьмітра Язьвінскага

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0681 seconds.