Каля 30-40% з 100 тысяч студэнтаў менскіх ВНУ не заселеныя ў інтэрнаты

­Такія лічбы назваў намесьнік міністра адукацыі Беларусі Барыс Іваноў. Для таго, каб вырашыць пр­аблему недахопу месцаў, улады абяцалі пабудаваць студэнцкую вёску на 9 тысяч месцаў цягам году. ­Цяпер аднак гавораць, што толькі адзін корпус зь дзевяці будзе пабудаваны да 2009 году і абяцаюць, што яго будаўніцтва распачнецца хуткім часам. Акрамя таго міністэрства адукацыі спадзяецца з дапамогай новых інтэрнатаў прыцягваць замежных студэнтаў у Беларусь.

­Намесьнік міністра адукацыі Беларусі Барыс Іваноў распавёў БелТА, што эскізны праект забудовы студэнцкай вёскі ўжо зацьверджаны ў камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама­. Першым у 2008 году пачнуць будаваць інтэрнат №13 на 1 тыс. 30 месцаў для студэнтаў БДУ. Яго будаўніцтва расьцягнецца на год.

Усё інтэрнаты будуць прыкладна аднаго кшталт­у — блёк на пяць чалавек, у адным пакоі будуць пражываць 2 чалавека, у другім — тры. Пакоі будуць аб'яднаныя калідорам, каб выхавальнік змог рэагаваць своечасова на ўсё, што адбываецца на паверсе. Плянуецца, што ў кухнях будуць пліты, лядоўні і стол. На кожным зь дзевяці паверхаў прадугледжаныя таксама тры пакоі для заняткаў.

На першым паверсе разьмесьцяць адмысловыя пакоі, прызначаныя для інвалідаў. Ва ўсе памяшканьні, разьмешчаныя ў студэнцкай вёсцы, інваліды-калясачнікі змогуць бесьперашкодна заехаць, усюды прадугледжаныя пандусы, адмысловыя стаянкі і ліфты.

Усяго на тэрыторыі «студэнцкай вёскі» прадугледжанае будаўніцтва дзевяці студэнцкіх інтэрнатаў, адміністрацыйнага корпуса з падземнай аўтамабільнай стаянкай, інтэрнатаў для асьпірантаў на 1 тыс. 800 месцаў, культурна-забаўляльнага цэнтра з канфэрэнц-залямі і бібліятэкай, гасьцініцы, фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басэйнам і трэнажорнай заляй, паліклінікі, гандлёвага цэнтра, хакейнага комплексу з дзьвюма трэнажорнымі залямі.

Будаўніцтва мусіць быць распачатае непадалёк ад Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэта (раён праспэкта Дзяржынскага – вуліцы Сэмашка).

Чыноўнікі спадзяюцца, што будаўніцтва наступных інтэрнатаў будзе праходзіць з прыцягненьнем замежнага капіталу. Зьяўленьне ў Беларусі новых інтэрнатаў для вучэбных устаноў паспрыяе прыцягненьню большай колькасьці замежных студэнтаў, разьлічвае намесьнік міністра адукацыі.

­­У Беларусі ў гэтым годзе навучаюцца студэнты з больш за 70 краін сьвету — Афрыкі, Паўднёваўсходняй Азіі, Блізкага Ўсходу, Эўропы, краінаў СНД. З агульнай колькасьці 56% — грамадзяне далёкага замежжа, 44% — краін СНД і Балтыі. Найболей прадстаўленыя Расея, Кітай, Іран, Індыя, Сірыя і Ліван.
Уні Вера 16:10, 16/06/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.061 seconds.