Адпаведна новаму законапраекту аб СМІ беларускі ўрад будзе рэгуляваць дзейнасьць выданьняў у Сеціве
Да Беларускай асацыяцыі журналістаў трапіла копія законапраекта аб сродках масавай інфармацыяй, які будзе разгледжаны Палатай прадстаўнікоў ужо праз некалькі дзён 17 чэрвеня. На адмысловай прэс-канфэрэнцыі экспэрты БАЖ распавялі сёньня, што можа чакаць беларускія СМІ ў выпадку прыняцьця гэтага закону.
Андрэй Бастунец і Жанна Літвіна на прэс-канфэрэнцыі. Фота Юры Сідуна.
Распрацоўка новага закону аб СМІ вядзецца ўладамі яшчэ з 2003 году. За гэты час у яго было некалькі рэдакцыяў. Аднак днямі зусім новая рэдакцыя імкліва была накіраваная на разгляд у парлямэнт.
У законапраекце пададзеная новая фармулёўка азначэньня СМІ:
«формы пэрыядычнага распаўсюджваньня масавай інфармацыі з выкарыстаньнем друку, тэлерадыёвяшчаньня, глябальнай кампутаровай сеткі Інтэрнэт».
У дзеючым ад 1995 году ў Беларусі законе дзейнасьць СМІ ў Інтэрнэце ня была акрэсьленая зусім. Адпаведна самыя галоўныя асьцярогі былі накіраваныя на тое, як беларускія ўлады зьбіраюцца рэгуляваць распаўсюд інфармацыі ў Сеціве.
Пакуль у экспэртаў было зусім мала часу на разгляд законапраекта, аднак паводле першых ацэнак ёсьць меркаваньне, што ўлады самі ня вырашылі яшчэ тое, якім непасрэдна чынам будуць рэгуляваць дзейнасьць СМІ ў Інтэрнэце.
З аднаго боку, паводле законапраекта дзейныя ў Інтэрнэце СМІ будуць падлягаць рэгістрацыі ва ўстаноўленым для іншых СМІ парадку. Аднак, што будзе з тымі беларускімі сайтамі, якія не захочуць праходзіць рэгістрацыю, не зразумела.
Выглядае, што рашэньні будуць прымацца абсалютна рознага кшталту ў залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі, бо ў законапраекце прапісана, што «Правам вызначэння парадку распаўсюджвання СМІ праз глабальную сетку надзяляецца Савет міністраў». То бок рэгулявацца дзейнасьць СМІ ў Сеціве будзе фактычна не законамі, а падзаконнымі актамі, працэдура прыняцьця якіх значна прасьцейшая.
Падрабязны агляд законапраекта Беларуская асацыяцыя журналістаў плянуе выкласьці на сваім сайце.