Metallica сварыцца з блогерамі
У мінулую сераду Metallica запрасіла папулярных блогераў у Лёндан на вечарыну-праслухоўваньне, прысьвечаную новаму альбому гурта, які зараз рыхтуецца да выпуску. Гэта ўжо дастаткова стандартны прыём, якім карыстаюцца цяпер многія музычныя гурты — бо такія вечарыны дапамагаюць рэклямаваць новыя песьні і альбомы. Аднак празь некалькі дзён пасьля вечарыны Metallica павяла сябе вельмі нечакана ў дачыненьні да блогераў.
На імпрэзе Metallica дала блогерам і журналістам магчымасьць праслухаць шэсьць трэкаў з новага альбома. Натуральна, што пасьля гэтага блогеры напісалі водгукі на пачутае.
Аднак цяпер мэнэджары легендарнага гурту раптам запатрабавалі, каб усе паведамленьні аб новым альбоме былі неадкладна выдаленыя з блогаў. Аналягічнае патрабаваньне было прад'яўленае некалькім сайтам, якія разьмясьцілі на сваіх старонках агляды новага альбому.
Нікога з запрошаных на вечарыну не прымушалі падпісаць дамову аб нераспаўсюдзе інфармацыі, таму патрабаваньні мэнэджараў выглядаюць недарэчнымі. Блогеры, большасьць зь якіх напісалі вельмі захапляльныя рэцэнзіі, цяпер пішуць пасты абурэньня. А мэнэджары Metallica адмаўляюцца тлумачыць сваё патрабаваньне.
Стасункі Metallica з Інтэрнэтам складваюцца ня проста. Гурт даўно вядомы сваім змаганьнем зь бясплатным спампоўваньнем музыкі, аднак у апошні час спрабуе экспэрымэнтаваць у Сеціве.