Абедзьве беларускія вікіпэдыі цяпер маюць болей чым па 10 тысяч артыкулаў

1 чэрвеня беларуская вікіпэдыя клясычным правапісам (be-x-old.wikipedia.org) пераадолела мяжу ў 10 тысяч артыкулаў. Вікіпэдыя наркомаўкай (акадэмічная be.wikipedia.org) здолела зрабіць гэта некалькімі месяцамі раней. Такім чынам, цяпер абедзьве беларускія вікіпэдыі знаходзяцца ў адным рангу 10 000+.

 

Наступнай прыступкай зьяўляецца пакуль вельмі далёкая лічба 100 000+. У катэгорыю ж 10 000+ уваходзяць акрамя беларускіх вікіпэдыяў яшчэ літоўская, балгарская, латыская і іншыя — агулам 60 праектаў.

Болей за год таму адбыўся скандальны падзел беларускіх вікіпэдыяў на два праекты. Тады нават былі хваляваньні, што болей чым шэсьць тысяч артыкулаў, назапашаных ад дня заснаваньня Беларускай Вікіпэдыі 12 жніўня 2004, будуць проста зьнішчаныя.  Бо 27 сакавіка зранку з сайту раптоўна зьніклі ўсе артыкулы, а карыстальнікі не маглі ўвайсьці пад сваімі лагінамі.

Папярэдне на працягу некалькіх месяцаў прыхільнікі наркамаўкі дамагаліся ад адміністрацыі Вікіпэдыі стварэньня для іх асобнай пляцоўкі. Да гэтага моманту іх праект разьвіваўся ў так званым інкубатары, дзе заўзятары стварылі 3565 артыкулаў, напісаных наркамаўкай. У выніку дамен be.wikipedia.org быў аддадзены ім.

Увечары 27 сакавіка мінулага году стала вядома, што Беларускай Вікіпэдыі клясычным правапісам быў дадзены новы дамэн be-x-old.wikipedia.org.

З таго часу два праекты разьвіваюцца асобна. Аднак вікіпэдыя клясычным правапісам уключае ў сябе некаторыя артыкулы і наркомаўкай таксама, бо ў ёй працягвае дзейнічаць правіла пра тое, што правапіс артыкула вызначае яго асноўны аўтар. Днямі аднак пытаньне пра ўніфікацыю ўзьнікала ў абмеркаваньнях гэтага праекту.

Якія стасункі між дзьвюма Беларускімі Вікі сёньня чытайце ў матэрыяле «Вікіпэдыя і Вікіпедыя: год суіснаваньня пасьля падзелу».

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0672 seconds.