Скандал у беларускай Вікіпэдыі

У выніку намаганьняў групы прыхільнікаў савецкага правапісу беларускай мовы (наркамаўкі), сёньня была зьнішчаная беларуская вікіпэдыя. Лёс болей чым шасьці тысячаў артыкулаў, што былі зьмешчаныя ў ёй пакуль не вядомы. Але існуе верагоднасьць, што яны будуць проста зьнішчаныя. Дамен be.wikipedia.org аддадзены прыхільнікам наркамаўкі.

Беларуская Вікіпэдыя – вольная энцыкляпэдыя. Праект быў заснаваны 12 жніўня 2004 году. Вікіпэдыя – ня скончаны праект, яна ўвесь час пашыраецца і паляпшаецца. Правіць і зьмяшчаць артыкулы ў яе можа любы чалавек.

Яшчэ сёньня раніцай па адрасе be.wikipedia.org быў артыкул напісаны клясычным правапісам. Цяпер ён зьнішчаны і адчыняецца незапоўненая старонка. Але пакуль яшчэ застаўся лягатып з надпісам клясычным правапісам.

Разам зь першым артыкулам зьніклі яшчэ 6 тысячаў артыкулаў, што былі створаныя пачынаючы з 2004-га году. Таксама раней зарэгістраваныя карыстальнікі ня могуць цяпер уваходзіць пад сваімі мянушкамі. "Памылка ўваходу: Не існуе ўдзельніка ці ўдзельніцы. Праверце напісаньне, альбо выкарыстайце форму ніжэй, каб стварыць новы рахунак ўдзельніка ці ўдзельніцы," – такія словы бачаць былыя карыстальнікі беларускай Вікіпэдыі пры спробе ўвайсьці на сайт.

На працягу некалькіх месяцаў прыхільнікі наркамаўкі дамагаліся ад адміністрацыі Вікіпэдыі стварэньня для іх асобнай пляцоўкі. Да гэтага моманту іх праект разьвіваўся ў так званым інкубатары, дзе заўзятары стварылі 3565 артыкулаў напісаных наркомаўкай. 

Адноўлена ў 19:33.

Беларуская вэрсія Вікіпэдыі з клясычным правапісам перанесеная на дамен be-x-old.wikipedia.org, у дадзены момант яна недаступная для рэдагаваньня. Пакуль не вядома ці будзе адчыненая магчымасьць правак пазьней.

Сытуацыя абмяркоўваецца таксама ў форуме Generation.bY.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.