На фэстывалі «Be2gether» будуць працаваць 250 валянтэраў

Фэст музыкі і мастацтваў «B­e2gether» заклікае на дапамогу добраахвотнікаў для арганізатарскіх працаў. На фэстываль плянуецца адабраць каля 250 чалавек ня толькі зь Літвы, але і з суседніх краін у тым ліку зь Беларусі, якія атрымаюць магчымасьць пазнаёміцца знутры з працэсам арганізацыі такога буйнага культурнага мерапрыемства.

 

У мінулым годзе пад час фэсту было заўважна вельмі шмат маладых хлопцаў і дзяўчатаў у адмысловых кашулях. Але госьці «Be2gether» зь іншых краінаў часта не маглі знайсьці адказы на свае пытаньні ў валянтэраў, бо здаралася, што маладыя хлопцы і дзяўчаты ня ведалі аніякай мовы акрамя літоўскай.

Цяпер арганізатары больш уважліва ставяцца да набору валянтэраў. Ад 1 траўня на сайце «Be2gether» ідзе прыём заявак ад жадаючых дапамагчы пад час правядзеньня фэсту. Кожны будучы валянтэр мусіць запоўніць адмысловую анкету, дзе адзначыць у тым ліку свой узровень веданьня літоўскай, ангельскай, расейскай ды іншых моваў.

На фэсьце добраахвотнікі будуць выконваць самую розную працу: адкаваць на пытаньні гасьцей, суправаджаць музычныя гурты, дапамагаць у працы каля сцэны і шматлікае іншае. Валянтэрам можа стаць кожны, хто дасягнуў 16 гадоў і даслаў запоўненую анкету арганізатарам фэсту. Сёлета каманда “Be2gether” за месяц да пачатку фэсту робіць адмысловыя аднадзённыя курсы, падчас якіх добраахвотнікі змогуць пазнаёміцца і навучыцца асновам каманднай працы.

Больш падрабязная інфармацыя для тых, хто жадае паспрабаваць далучыцца да каманды валянтэраў «Be2gether» зьмешчаная ў адмысловым разьдзеле сайту фэстываля.

vojur 15:51, 28/05/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0567 seconds.