ЭГУ атрымаў унівэрсытэцкую хартыю праграмы «Эразмус» Эўрапейскай Камісіі

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт стаў першай ВНУ Беларусі і краін СНД, якая атрымала статус паўнавартаснага ўдзельніка эўрапейскай праграмы акадэмічных абменаў «Эразмус». 20 траўня Эўрапейская Камісія прадставіла ЭГУ ўнівэрсытэцкую хартыю праграмы «Эразмус», якая адкрыла акадэмічнай супольнасьці ўнівэрсытэта — студэнтам бакаляўрыята, магістрантам, асьпірантам, выкладчыкам і супрацоўнікам — доступ да ўсіх кампанэнтаў праграмы.

Галоўнай мэтай праграмы «Эразмус» зьяўляецца фармаваньне адзінай эўрапейскай адукацыйнай прасторы ў межах Балоньскага працэсу праз забесьпячэньне студэнцкай мабільнасьці (кожны студэнт эўрапейскай ВНУ павінен правесьці як мінімум адзін сэмэстар, навучаючыся па спэцыяльнасьці ў ВНУ іншай краіны), абмен выкладчыкамі, распрацоўку транснацыянальных вучэбных плянаў, рэалізацыю міжнародных інтэнсіўных праграмаў і разьвіцьцё пан-эўрапейскіх прафэсійных сетак.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт яшчэ ў 2002 годзе — на той момант, адзіны з ВНУ СНД — уступіў у міжнародны ўнівэрсытэцкі кансорцыюм Campus Europe, які працуе над датэрміновай рэалізацыяй ідэяў Балоньскай дэклярацыі. Прадстаўленая цяпер унівэрсытэцкая хартыя праграмы «Эразмус» стала яшчэ адным сьведчаньнем міжнароднага прызнаньня эўрапейскага характару і якасьці адукацыі ў ЭГУ, паведамляе прэс-служба Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэта.

У гэтым научальным годзе ЭГУ адзначае сваё 15-годзьдзе. Нагадаем, пасьля зачыненьня ў 2004 году ў Беларусі па палітычных матывах, ЭГУ змог аднавіць сваю дзейнасьць у Літоўскай Рэспубліцы дзякуючы міжнароднай палітычнай і фінансавай падтрымцы. З 2006 гады ЭГУ зьяўляецца афіцыйна зарэгістраваным літоўскім унівэрсытэтам. Сёньня на праграмах бакаляўрскай і магістэрскай падрыхтоўкі ў ЭГУ навучаюцца больш 1,500 маладых беларусаў. Самым буйным адначасовым донарам ЭГУ зьяўляецца Эўрапейскі Зьвяз, які прапанаваў больш 7 млн. эўра для падтрымкі акадэмічных праграмаў унівэрсытэта і разглядае магчымасьць далейшага фінансаваньня ўнівэрсытэта. ЭГУ таксама атрымлівае значную фінансавую і палітычную падтрымку ад Літвы, урадаў, грамадзкіх арганізацый і фондаў краін Эўропы, Канады і ЗША.

 

19:20, 23/05/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.