Балоньскі працэс: рэвалюцыя ў вышэйшай адукацыі

Вышэйшая адукацыя Эўропы перажывае найважнейшы этап у сваёй гісторыі з часу, калі ў 19 стагодзьдзі браты Гумбальт заснавалі Бэрлінскі ўнівэрсытэт. З прапановай аб увядзеньні двухколавай “бакаляўр-магістар” сыстэмы, сыстэмы крэдытаваньня ECTS і інш. поўнаму перагляду падвяргаюцца вышэйшая адукацыя ў розных краінах. Прычынай усіх гэтых рэформаў зьяўляецца Балоньскі працэс (Bologna Process). 

У 1999 годзе ў Балоньі сустрэліся міністры адукацыі 30 эўрапейскіх краінаў. Мэта, якую яны паставілі перад сабой – стварэньне Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. З таго часу, калі была падпісаная дэклярацыя, гэты працэс атрымаў кароткі назоў “Балоньскі працэс”.

На сустрэчы міністры дамовіліся аб стварэньні агульнай сыстэмы ступеняў у вышэйшай адукацыі (ступень бакаляўра і магістра), агульнай сыстэме крэдытаваньня (ECTS), сумеснага прызнаньня атрыманых ступеняў, каб даць магчымасьць студэнтам вучыцца за мяжой і яшчэ шмат аб чым. Усё гэта павінна быць створана да 2010.

Кожныя два гады краіны сустракаюцца, каб абмеркаваць, як праходзіць працэс рэфармаваньня і паставіць перад сабой новыя мэты. Між міністэрскімі канфэрэнцыямі таксама адбываюцца сустрэчы. Думку студэнтаў у гэтым працэсе афіцыйна прадстаўляе ESIB – The National Unions of Students in Europe (Нацыянальныя студэнцкія зьвязы ў Эўропе), арганізацыя, што прадстаўляе ля 11 мільёнаў студэнтаў з 37 эўрапейскіх краінаў.

На апошняй міністэрскай сустрэчы, што адбылася ў Бэрліне ў верасьні 2003 міністры дамовіліся:

  • прызначыць 2005 год апошнім тэрмінам для разьвіцьця эфэктыўнай сыстэмы забесьпячэньня якасьці адукацыі, прыняцьця сыстэмы двух цыкляў (бакаляўр-магістар) і ўдасканаленьня сыстэмаў прызнаньня ступеняў, а таксама тэрмінаў навучаньня; 
  • забясьпечыць больш цесныя сувязі паміж Эўрапейскай прасторай вышэйшай адукацыі і Эўрапэйскай прасторай навуковага дасьледаваньня праз ўключэньне ў Балоньскі працэс трэцяга цыклю – доктарскай ступені;
  • пацьвердзіць, што адукацыя зьяўляецца грамадзкім прадуктам і грамадзкім абавязкам, а таксама падкрэсьліць важнасьць сацыяльнага падмурку Балоньскага працэсу;
  • зрабіць неабходныя крокі для ўзмацненьня гнуткасьці сыстэмы нацыянальных пазыкаў і грантаў, каб заахвоціць большую мабільнасьць студэнтаў у працэсе навучаньня;
  • надаваць больш увагі ўдзелу ў працэсе ўнівэрсытэтаў і студэнцкіх арганізацыяў.

“Мы вельмі задаволены тым, як выконваецца працэс на эўрапэйскім узроўні, але нас яшчэ хвалюе тое, як адбываюцца зьмены ў асобных краінах”, - кажа старшыня ESIB Штэфан Бенэфільд. “Факт, што міністры прызналі і падкрэсьлілі, што адукацыя зьяўляецца грамадзкім прадуктам, а таксама важнасьць сацыяльнага боку вельмі важна, гэта тое, на чым настойваў ESIB з самага пачатку. Гнуткасьць сыстэмы нацыянальных пазыкаў і грантаў, натуральна, зьяўляецца яшчэ адным зь вельмі важных крокаў у гэтым кірунку. Зараз выкананьне гэтых ідэяў залежыць ад саміх краінаў і мы разьлічваем, што студэнты будуць прадстаўленыя як на нацыянальным, так і на ўзроўні афіцыйных інстытутаў. Тым ня менш, нацыянальныя ўрады не павінны выкарыстоўваць Балонью як абгрунтаваньне для ўвядзеньня платы за навучаньне альбо далейшай камадыфікацыі адукацыі (глядзіце www.stopfeesnow.com )”, - кажа Штэфан Бенэфільд.

На Бэрлінскай сустрэчы ў дэклярацыю былі прыняты яшчэ 7 новых краінаў, што павялічыла колькасьць краін-удзельніц працэсу да 40, уключаючы Расею і Турцыю. На дадзены момант адзінымі эўрапэйскімі краінамі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца па-за межамі працэсу, зьяўляюцца Украіна і наша з вамі Беларусь.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0679 seconds.