Прафсумоўе не прайшлі 140 абітурыентаў

140 абітурыентаў з агульнай колькасьці 14132 чалавек не прайшлі прафэсійна-псыхалягічныя сумоўі па ўсёй Беларусі. Сярод тых, хто ў гэтым годзе фактычна пазбаўлены канстытуцыйнага права на ўдзел у конкурсе для атрыманьня вышэйшай адукацыі, 50 абітурыентаў менскіх ВНУ.


«Хто ваш кумір?» — пыталіся ў патэнцыйных журналістаў на прафсумоўі 5 красавіка ў БДУ

Сёлета ўпершыню ў Беларусі было ўведзенае адмысловае прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе для абітурыентаў, якія жадаюць паступаць на спэцыяльнасьці «дзяржаўнае кіраваньне»,«дзяржаўнае кіраваньне і права», «дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка», «міжнародныя адносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «журналістыка», «міжнародная журналістыка», «мытнае справа».

«Усё 140 абітурыентаў не атрымалі жаданай рэкамэндацыі з-за ўласнай непісьменнасьці, некампэтэнтнасьці і безыніцыятыўнасьці», — заявіла БелТА Марыя Карпенка, кансультант аддзела вышэйшай адукацыі Мінадукацыі. «Ні адзін з "не рэкамэндаваных" не зьвяртаўся за тлумачэньнем прычынаў адмовы ў Мінадукацыі або прыёмную камісію ВНУ».

Дакумэнтам аб выніках гутаркі зьяўляецца рэкамэндацыя для ўдзелу ў конкурсе на атрыманьне вышэйшай адукацыі. Без яе падаваць дакумэнты на паступленьне на вышэйпералічаныя спэцыяльнасьці бессэнсоўна. Тым, хто не пасьпеў або не захацеў прайсьці сумоўе, трэба вырашаць праблему самім: альбо рэгістравацца на 3 прадмета, якія дазволяць удзельнічаць у конкурсе на атрыманьне вышэйшай адукацыі па іншай спэцыяльнасьці, альбо паступаць на ўзровень сярэдняй адмысловай адукацыі (спэцыяльнасьць «правазнаўства») або чакаць прыёмнай кампаніі 2009 гады, патлумачыла кансультант Мінадукацыі.

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце 5 з 1153 абітурыентаў «з-за ўласнай непісьменнасьці, некампэтэнтнасьці і безыніцыятыўнасьці» не атрымалі рэкамэндацыяў на прафсумоўі, якое праходзіла 5 красавіка. Сярод іх апынуўся і выключаны нядаўна з журфаку Франак Вячорка.

Уні Вера 17:10, 16/05/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.