У «Жывой бібліятэцы» чытаюць людзей

У Лёндане адкрылася незвычайная бібліятэка — там можна ўзяць «пачытаць» чалавека. У каталёгу прыводзіцца сьпіс асноўных пэрсанажаў, стэрэатыпамі пра якіх поўнае нашае жыцьцё. Сярод 15 чалавек, якія жадаюць падзяліцца сваімі гісторыямі, — Гей, Афіцэр, Вернік, Вечны актывіст. За паўгадзіны кожны жадаючы зможа запытацца пра тое, што ня знойдзеш у звычайных кнігах.­


«Жывая кніга» адказвае на пытаньні румынскай дзяўчыны пра жыцьцё геяў. Фота TimesOnline

«Жывыя кнігі» прадстаўляюць сабою шырокі спэктар чалавечых стэрэатыпаў. У каталозе яны ідуць пад кодавымі назовамі, побач зь якімі пералічваюцца некалькі асноўных недахопаў. Напрыклад, афіцэра паліцыі ахарактарызавалі як карумпаванага, а ў картачцы гея напісалі «пакутуе на хваробу, што перадаецца палавым шляхам», а ў імігранта — што ён дарма марнуе час.

Заснавальнік брытанскай «Жывой бібліятэкі» тлумачыць:

«Мы працуем згодна прынцыпу, што празьмерная бязьлітаснасьць і агрэсія ўзьнікаюць між людзьмі, якія ня ведаюць адзін аднаго. Жывая бібліятэка можа зблізіць людзей, якія наўрад ці змогуць сустрэцца іншым чынам. Мы жадаем паказаць, што ня кожны мусульманін хоча ўзарваць нас, ня кожны паліцэйскі — бамбіза».

Першая «Жывая бібліятэка» была арганізаваная ў Даніі ў 2000 і з тых часоў становіцца ўсё больш папулярнаю, асабліва ў Нарвэгіі і Вэнгрыі.

За адзін дзень лёнданскую «Жывую бібліятэку» наведалі 47 разоў — а гэта амаль суткі гутаркі. Па закрыцьці «жывыя кнігі» выпілі бутэльку шампанскага і падзяліліся ўражаньнямі. Ня толькі наведвальнікі бібліятэкі, але і яны самі шмат чаго даведаліся. Наступны сэанс — 31 траўня. Будзеце ў Лёндане — заходзьце «пачытаць».

SlaDa 15:11, 23/04/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.