Для амэрыканскіх жаўнераў будуць вырошваць органы

Для пацярпелых падчас ваенных дзеяньняў жаўнераў Міністэрства абароны ЗША будзе літаральна вырошчваць новыя ворганы і скуру. Пэнтагон абвясьціў пра стварэньне Інстытуту рэгенэратыўнай мэдыцыны, які будзе займацца вывучэньнем тэхналёгіі ўжываньня і атрыманьня ствалавых клетак.

­

 

Armed Forces Institute of Regenerative Medicine (AFIRM) ужо атрымаў фінансаваньне 250 мільёнаў даляраў на 5 год. У праекце бяруць удзел таксама і недзяржаўныя дасьледчыя лябараторыі, тры ўнівэрсытэты і шэраг прыватных інвэстараў.

Апошнім часам у многіх навуковых установах сьвету ўжо рэгенэруюцца скураныя тканіны жывёл і чалавека, аднак з выкарыстаньнем пазаклеткавых матрыцаў. У Інстытуце рэгенэратыўнай мэдыцыны пры Міністэрстве абароны ЗША плянуецца вырошчваць тканіны з нуля, толькі на генным матэрыяле.

У Пэнтагоне адзначаюць, што аналіз раненьняў жаўнераў, якія бралі ўдзел у ваенных кампаніях у Іраку і Аўганістане, паказаў — сучасныя сродкі бясьпекі няблага абараняюць ад многіх раненьняў, аднак канцавіны амаль не абароненыя. Таму вельмі частыя выпадкі ампутацыі. Новыя тэхналёгіі дазволяць аднаўляць страчаныя ворганы альбо часткі цела.

Таму асноўнаю мэтаю праекта ёсьць вырошчваньне «донарскіх органаў» для салдат, аднак і ў мірным жыцьці такія тэхналёгіі вельмі запатрабаваныя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.