Тэатар на стале: у Менск прыяжджаў мультымэдыйны тэатар Karbido

Чарга на ўваходзе ў Палац прафсаюзаў з шыльдай «Karbido. The Table» расла на вачох. Заяўленыя «клянаваныя шумы і шолахі альбо партытура для чатырох гаспод і стол», бачна, зацікавілі многіх. Ніякіх дэкарацыяў: сцэна, стол, чатыры героі і безьліч гукаў. Мы там былі.

 

Тое, што стол можа быць музычным інструмантам, ад пачатку ўявіць цяжка. Разам са скрыпічнымі майстрамі, сталярамі і акустыкамі выканаўцы ператварылі звычайную мэблю ў музычны інструмант. Драўляны стол Karbido начынены рознымі гукаўзмацняльнымі прыладамі.

Але ўсе гукі выходзяць з-пад рук чатырох мужчынаў, якія то адбіваюць рытм пальцамі па стале, то шоргаюць рукамі, то граюць смычом, то сьпяваюць ці прамаўляюць цытаты. Але звонку дзеяньне на сцэне заварожвае: месцамі хочацца танчыць, месцамі ўганяесься ў транс, а часам баісься дыхаць, каб не парушыць цішыню.

За сталом праз музыку адбываецца дыялёг, размовы, спрэчкі і жарты. Героі абыгрываюць вядомыя мэлёдыі, спалучаюць рок і этнічны транс.

 

Праз мультымэдыйную музыку героі «The Table» вандруюць па ўсім сьвеце. Задумка спэктаклю ў тым, каб па-свойму адлюстраваць культуру ўсяго сьвету ў парадку: поўнач, поўдзень, захад і ўсход.

Поўнач — гэта халодная цішыня, гукі кропель і трэск галінак дрэваў, а поўдзень —  дынамічны рытм і этнічныя матывы чорнага кантынэнту. Захад прадстаўлены энэргічным, рокавым і перададзены праз папулярныя песьні і мэлёдыі з фільмаў. А ўсход выяўлены праз народную палескую песьню і польскія прыпеўкі.

Глыбокія, моцныя і разнастайныя гукі, цемра ў залі і прыглушанае сьвятло даюць поўную свабоду фантазіі гледачоў. Апынуцца пасьля спэктаклю на Кастрычніцкай плошчы яшчэ засьветла здавалася нерэальным.


Пасьля Беларусі трупа кіруецца ў Нямеччыну, далей іх чакаюць у Нарвэгіі і Ізраілі. А ва Ўкраіну Karbido прыяжджаў з спэктаклем «Самагон». Цалкам магчыма, што з «Самагонам» тэатралы завітаюць пазьней і ў Беларусь — абяцалі, калі даспадобы беларусам прыйдзецца «Стол», то прыедуць яшчэ. Будзем чакаць.

tarka 20:40, 21/04/2008 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.