Увесь сьвет на адным стале: гастролі мультымэдыйнага тэатру Karbido

Упершыню ў Беларусі мультымэдыйны тэатар Karbido (Польшча) з аўдыёспэктаклем «Stolik» — псыхалягічным і культурным расповедам чатырох асобаў за адным сталом. Стол незвычайны. Гэта складаны музычны інструмэнт, які можа сьпяваць, як скрыпка альбо шаптаць, як вецер. Любы дотык да стала стварае гук, з дапамогаю якога гледачы вандруюць па чатырох частках сьвету.­

­

 

Для ўсіх тэатральных фэстаў Беларусі спэктаклі мультымэдыйнага тэатру Karbido — не фармат. Таму сусьветна вядомая трупа прыяжджае да нас на гастролі. Перамовы ішлі паўгады.

Karbido — гэта тэатар у нязвыклай для нас форме. Узьдзеяньне на гледача, гутарка зь ім ідзе праз мультымэдыйную музыку. У спэктаклі «Stolik» героі вандруюць па сьвеце не ўздымаючыся з-за стала. Гэта ня проста прадмет мэблі — гэта складаны музычны інструмэнт, створаны намаганьнямі скрыпічных майстраў, сталяроў ды акустыкаў. Стол нібыта жывы — любы дотык да яго стварае музыку. Гэта можа быць гучаньне традыцыйных музычных інструмэнтаў, а можа пераўтварыцца ў шэпт ветру альбо шолах травы.

Не зьмяняючы свайго геаграфічнага становішча, героі спэктаклю пераносяць гледачоў з Захаду на Ўсход, з Поўначы на Поўдзень. У тэатры Karbido няма дэкарацыяў: атмасфэру той ці іншай часткі сьвету перадаюць не кардонныя пальмы ці льдзіны, а жывыя гукі. 

Захад прадстаўлены энэргічным, рэзкім, індустрыяльным, рокавым і перададзены праз папулярныя мэлёдыі. Усход — гэта спакой народнай творчасьці. Беларуская народная песьня і традыцыйныя польскія прыпеўкі ствараюць у «Стале» (ці дакладней — на Стале) атмасфэру ўсходняй часткі Эўропы. Але ад такіх знаёмых і зразумелых гукаў гледача пераносяць у рытмічную Афрыку — на Поўдзень. Рытм і энэргія чорнага кантынэнту праз Стол трапляе ў залю. І, нарэшце, Поўнач — гэта прыродныя, халодныя гукі, стрыманыя і дасканалыя.

«Стол» — гэта не адзіны спэктакль Karbido. Ва Ўкраіну тэатар прыяжджаў і з «Самагонам». Калі беларускай публіцы да спадобы прыйдзецца «Стол», будзе і «Самагон».

«Столік без самагону — гэта не мерапрыемства», — упэўненыя арганізатары візыту.

Візыт Karbido у Беларусь стаў магчымым пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Рэспубліцы Беларусь і Арт-Про.

Па словах арганізатараў, у нашай краіне ёсьць зацікаўленасьць у мультымэдыйным мастацтве. Пры дастатковым інтарэсе і падтрымцы іншых партнэраў у будучыні, магчыма, у Беларусі зьявіцца свой фэст мультымэдыйных тэатраў. А зь беларуска-польскіх мерапрыемстваў на бягучы год быў анансаваны сумесны канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і Яцэка Боньчыка ў стылі «кабарэ».

  • 19 красавіка, 19.00: Берасьце (Абласны тэатар лялек)
  • 20 красавіка, 19.00: Менск (Палац Прафсаюзаў)
  • 22 красавіка, 18.30: Магілёў (Абласны драматычны тэатар)

  • Кошт квіткоў: 10–50 тысяч
  • Каса: 227 01 79
  • Даведка і замова: 626 77 78
SlaDa 16:50, 09/04/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.