Беларусь не ўвайшла ў рэйтынг 127 краінаў паводле ўзроўню інфармацыйных тэхналёгіяў

Беларусі зноў няма ў адным з глябальных індэксаў — гэтым разам нас няма сярод 127 краінаў, ацэненых Сусьветным эканамічным форумам паводле Індэксу сеціўнай падрыхтаванасьці. З дапамогаю Індэксу ацэньваецца ступень падрыхтаванасьці краіны да ўдзелу ў разьвіцьці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў. Вынікі — у Глябальнай справаздачы па інфармацыйных тэхналёгіях.­

­

На першым месцы апынулася Данія, за ёй Швэцыя і Швайцарыя, на чацьвёртым месцы ЗША, на пятым — Сінгапур. Патрапілі ў рэйтынг і нашыя суседзі:

  • Латвія — 44 месца
  • Літва — 33
  • Польшча — 62
  • Расея — 72
  • Украіна — 70 

А, напрыклад, Віетнам знаходзіцца на 73 месцы, Кітай — на 57 і Вэнэсуэла — на 86 месцы.

Апошнія пяць з 127 месцаў дасталіся Этыёпіі, Банглядэшу, Зімбабве, Бурундзі і на апошнім месцы Чад.

Упершыню Глябальная справаздача па інфармацыйных тэхналёгіях была складзеная Міжнародным эканамічным форумам (World Economic Forum) у 2001, і з тых часоў Global Information Technology Report зваяваў рэпутацыю ўнікальнага інструмэнту ўказаньня на моцныя і слабыя бакі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў, ацэнкі прагрэсу ў розных краінах сьвету. У Справаздачы таксама адлюстраваны сталы ўплыў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў на разьвіцьцё і эканамічны рост.
У аснове Global Information Technology Report — Індэкс сеціўнай падрыхтаванасьці (Networked Readiness Index), у справаздачы 2007–2008 — па 127 краінах (за папярэдні пэрыяд было 122). Ён паказвае ступень падрыхтаванасьці краіны удзельнічаць у разьвіцьці інфармацыйна-камунікатыўных тэхналёгіяў і атрымліваць ад гэтага разьвіцьця выгоду.
У індэкс уваходзяць тры кампанэнты:
  • інфармацыйна-камунікацыйная асяродзьдзе, якая прапануецца ў дадзенай краіне (рынак, заканадаўства, інфраструктура);
  • падрыхтаванасьць асноўных зацікаўленых бакоў: прыватных асобаў, бізнэсу і ўраду;
  • выкарыстаньне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў зацікаўленымі бакамі. 

Чаму Беларусі няма ў рэйтынгу ня ясна. Нагадаем, што нашай краіны не было і ў Глябальным індэксу міра, які атрымала 121 краіна, у тым ліку і ўсе нашыя суседзі. Generation.by накіраваў складальнікам Індэксу міра запыт, на што атрымаў адказ: адзіная прычына, па якой краіны няма ў рэйтынгу — адсутнасьць усіх 24 паказчыкаў, што ўлічваюцца пра складаньні Індэксу.

Атрымоўваецца, што зьбіраць дадзеныя ў нашай краіне міжнародным арганізацыям і агенцыям складаней, чым, прыкладам, у Пакістане ці Непале.

SlaDa 14:53, 10/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2167 seconds.