Yahoo стварыла фонд падтрымкі кібэрдысыдэнтаў

Yahoo, якая некалькі разоў выдавала імёны кібэрдысыдэнтаў уладам Кітаю, цяпер спрабуе залагодзіць сваю віну і паправіць імідж. Для гэтага кампанія стварыла адмысловы фонд дапамогі людзям, кінутым за краты за тое, што яны выказвалі ў Сеціве сваё меркаваньне пра правы чалавека.

Фонд атрымаў назву Yahoo Human Rights Fund, а кіруе ім вядомы кітайскі дысыдэнт Harry Wu, які правёў 19 гадоў у лягеры. Плянуецца, што сродкі фонду пойдуць на аплату юрыдычнай дапамогі і на падтрымку сем'яў кібэрдысыдэнтаў, асабліва тых, хто карыстаўся сэрвісамі Yahoo. Акрамя таго, з грошай фонду будуць аплачвацца адукацыйныя курсы, на якіх кітайцам распавядуць пра правы чалавека. Пра тое, колькі грошаў выдаткавана ў фонд, аднак не паведамляецца.

Аб намеры стварыць такі фонд выканаўчы дырэктар Yahoo абвясьціла яшчэ ў лістападзе 2007-га году, пасьля таго як кампанія дасягнула пазасудовай дамовы з сем'ямі кітайскіх журналістаў Shi Tao і Wang Xiaoning, якіх улады КНР засудзілі да дзесяці гадоў турэмнага зьняволеньня.

У 2002 годзе Yahoo выдала кітайскім уладам матэрыялы з электроннай пошты Wang Xiaoning, у якіх нібыта прапагандаваліся дэмакратычны лад і шматпартыйная сыстэма. Атрымаўшы гэтыя зьвесткі, спэцслужбы КНР правялі ў кватэры журналіста ператрус, а яго самога па абвінавачваньні ў антыкамуністычнай прапагандзе прысудзілі да турэмнага зьняволеньня. Пазьней аналягічны лёс напаткаў яшчэ аднаго журналіста, Shi Tao. У 2005 годзе ганконскае аддзяленьне Yahoo выдала кітайскім спэцслужбам інфармацыю, на падставе якой журналіст быў абвінавачаны ў распаўсюдзе па замежным сайтам сакрэтных дадзеных.

Увесну 2007 года ад імя Wang Xiaoning і яго жонкі ў акруговы суд Паўночнай Каліфорніі быў пададзены пазоў, у якім кампанія Yahoo была абвінавачаная ў садзейнічаньні кітайскаму ўраду ў цэнзуры Сеціва. Акрамя таго, супраць Yahoo былі высунутыя абвінавачваньні ў тым, што кампанія ў пачатку 2006 года падавала Кангрэсу ЗША несапраўдныя зьвесткі аб сваім удзеле ў гісторыі з кітайскімі палітвязьнямі. Yahoo тады спрабавала апраўдацца, што ня ведала, якога менавіта кшталту рассьледаваньне вядуць кітайскія улады.

Галоўны канкурэнт Yahoo, які таксама вымушаны пагаджацца з цэнзурай у кітайскім Сеціве, кампанія Google ў 2007-ым годзе выступіла з прапановай разглядаць цэнзуру ў Сеціве як міжнародныя гандлёвыя бар’еры, такія ж самыя, як, прыкладам, тарыфы. Такую ж прапанову ад нідэрляндзкай Народнай партыяй за волю і дэмакратыю нядаўна падтрымаў Эўрапарлямэнт.

vojur 19:48, 03/04/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.056 seconds.