90 год БНР: Пазьняк, Сурвіла, Данчык — пра Беларусь, культуру і сучаснае пакаленьне

У Празе прайшла канфэрэнцыя «Мінулае, сучаснасьць і будучыня беларускай дзяржаўнасьці», прымеркаваная да 90-х угодкаў БНР. Знакавыя гістарычныя асобы і сучасныя студэнты — фота і відэа ў матэрыяле Generation.bY.

Да сёньняшняга сьвята — 90-х угодкаў БНР — прымеркавана вялікая колькасьць імпрэзаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі. На мінулых выходных у Празе адбылася канфэрэнцыя, якая адметная тым, што большасьць яе выступоўцаў ня могуць вярнуцца на Беларусь сёньня. Гэта прадстаўнікі старэйшай беларускай эміграцыі ў Чэхіі, прэзыдэнт ураду БНР Івонка Сурвіла, а таксама людзі, якія напачатку 90-х зрабілі Беларусь незалежнай і вымушаныя былі пакінуць краіну, каб працягнуць сваё змаганьне ўжо за мяжой — дэпутаты парлямэнтаў 12-га і 13-га скліканьня.

Падзея «Мінулае, сучаснасьць і будучыня беларускай дзяржаўнасьці» была арганізаваная беларускай службай Радыё Свабода і праводзілася ў будынку Radio Free Europe/Radio Liberty — будынак былога парлямэнту Чэхаславакіі ў самым цэнтры Прагі.

Пад канфэрэнцыю была вылучаная даволі маленькая заля і хутка ўдзельнікі яе перапоўнілі. На імпрэзе былі і маладыя, і людзі сталага веку. Сярод гасьцей былі студэнты зь Беларусі, што зараз навучаюцца ў Празе, прадстаўнікі беларускай эміграцыі розных пакаленьняў, супрацоўнікі арганізацыяў, што працуюць з Беларусьсю і цікаўныя да тэмы Беларусі чэхі.


Студэнты на канфэрэнцыі. Фота Тацяны Хомы.

Важным госьцем канфэрэнцыі была Прэзыдэнт ураду БНР Івонка Сурвіла, якая ў Канадзе ўжо колькі год займаецца захоўваньнем традыцыі БНР і разнастайнымі праектамі, накіраванымі на Беларусь.


Івонка Сурвіла размаўляе з удзельніцай беларускага саюзу моладзі, старэйшай эмігранткай зь Беларусі ў Чэхіі (82 гады ёй) Настасьсяй Булыгай. Фота Тацяны Хомы.

Там жа была прэзэнтаваная кніга Івонкі Сурвілы, выдадзеная ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Дарэчы, на канфэрэнцыі спадарыня Сурвіла таксама выказала свае спадзяваньні на сучаснае пакаленьне беларускай моладзі.

Сярод выступоўцаў быў Зянон Пазьняк, у мінулым лідэр парлямэнцкай групы Апазыцыя БНФ, дзякуючы якой Беларусь прыняла Дэклярацыю аб незалежнасьці ў 1990-м годзе і якая вярнула Беларусі дзяржаўныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня.


Побач з Пазьняком на здымку злева направа: Ян Румль (былы чэскі дысыдэнт, зараз кіраўнік арганізацыі Грамадзянская Беларусь), Павал Севярынец (лідар Маладога Фронту), Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык (былы дэпутат Вярхоўнага савету 12-га скліканьня, зараз рэдактар Радыё Свабода). Фота Тацяны Хомы.

Адным з найбольш цікавых выступаў была прамова Сяргея Абламейкі, у якой ён падняў праблему стану беларускай культуры, а таксама важнасьць змаганьня за адраджэньне культуры.


Выступоўцы на канфэрэнцыі. Фота Тацяны Хомы.

Напрыканцы канфэрэнцыі ўсе прысутныя паўдзельнічалі ў акцыі «Беларуская дыктоўка». Дыктоўку пісалі і Івонка Сурвіла з Зянонам Пазьняком.

Завяршылася канфэрэнцыя сьвяточнай вячэрай у кавярні, дзе можна было паразмаўляць з асобамі, якія адыгралі вельмі важную ролю ў лёсе сучаснай Беларусі.

У гэтым цалкам беларускім асяродку было вельмі прыемна апынуцца, няхай і далёка ад самой Беларусі. Госьці канфэрэнцыі, яе арганізатары з Радыё Свабода аказаліся вельмі простымі, але цікавымі і энергічнымі людзьмі, у якіх выразна адчуваецца беларускасьць. Было і некалькі сапраўды нечаканых момантаў. Напрыклад, я даведалася, што Зянон Пазьняк абазнаны ў працы беларускіх сеціўных праектаў. У размове ён адзначыў, што мае пазытыўнае ўражаньне пра стыль працы каманды праекту Studenty.by (зараз - Generation.bY). Размаўляючы са мной, ён казаў пра тое, што трэба заўсёды быць аптымістамі і верыць у свае ідэалы. А ідэалы для беларускай моладзі, на думку Пазьняка, нязьменныя:


Зянон Пазьняк зьвяртаецца да сучаснага пакаленьня беларусаў.

У кавярні для ўдзельнікаў быў прыпасены яшчэ адзін сюрпрыз — пасьля доўгага перапынку ізноў засьпяваў Данчык, які даўна кар’еру сьпевака зьмяніў на працу журналіста і зараз працуе выконваючым абавязкі дырэктара беларускай службы Радыё Свабода ў Празе. Песьнямі пра Беларусь ў яго выкананьні і завершылася канфэрэнцыя.


Данчык сьпявае ўпершыню пасьля больш 10-цігадовага перапынку.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0577 seconds.