«Беларуская вясна» па-ўкраінску

Ужо другі год запар у Кіеў прыходзіць «Беларуская вясна» — шэраг культурна-палітычных мерапрыемстваў, якія ладзяцца моладзевай арганізацыяй «Салідарнасьць». Пачалося ўсё 22 сакавіка з лыжнага забега па асфальце і паказу стужкі «Беларускі рэзыстанс». Працягнецца «Вясна» да 12 красавіка. Пра ідэю мерапрыемства і сваё стаўленьне да Беларусі распавяла Generation.by прэсавая каардынатарка праекту Таня Вадзяніцка

«Сёлета мы меней працуем на ўзроўні палітычным, бо не намагаемся сфармаваць нейкую кропку бачаньня ў палітыцы, якая б магла паўплываць на стасункі Беларусі і Ўкраіны глябальна. Мы працуем на грамадзкім узроўні — дапамагаем украінцам даведацца пра Беларусь. А з грамадзкага ўзроўню на палітычны пераход адбываецца вельмі натуральна, бо палітычны пункт гледжаньне рэпрэзэнтуе штосьці рэальнае — думку пэўнай колькасьці грамадзян».

Сфармаваць гэтую думку дапаможа шэраг прэзэнтацый і пэрфомансаў:

  • 24 сакавіка: паказ мастацкага фільма «Акупацыя. Містэрыі»
  • 29 сакавіка: вечар беларускай флэш-анімацыі
  • 2–11 красавіка: выстава-інсталяцыя фотаздымкаў і беларускіх СМІ «Суседзі»
  • 2 красавіка: круглы стол «СМІ Беларусі»
  • 5 красавіка: канцэрт «Джамбібум» і «Нагуаль»
  • 12 красавіка: кніжная выстава
  • 12 красавіка: паэтычны слэм між зборнымі Беларусі і Ўкраіны

У гэтым годзе праграма шырэйшая і «Вясна» больш працяглая па часе. Таму арганізатары чакаюць, што інтарэс да акцыі ў гэтым годзе будзе вышэй. Мерапрыемствы дапамагаюць арганізоўваць беларусы, што жывуць ва Ўкраіне. Што тычыцца публікі, то шмат хто далучаецца ўжо «па хадзе». Напрыклад, у лыжным забегу ўдзельнічалі ня толькі тыя, хто ведаў загадзя, але і выпадковыя мінакі.

«Мы распавядаем украінцам пра іншую Беларусь, пра тую, якую яны ня бачаць. Мы хочам, каб адсутнасьць сваіх уласных асацыяцыяў з суседняй краінаю зьнікла, зьменшылася няведаньне. Мне падаецца, само ўсьведамленьне, што ў суседніх краінах штосьці ведаюць пра Беларусь, што ёсьць пэўная колькасьць спачуваючых людзей — гэта ўжо даволі сур’ёзная падтрымка».

Таня распавяла і пра ўласнае стаўленьне да Беларусі:

«У кожнага з нас свая гісторыя зацікаўленасьці Беларусьсю. У мяне асабіста яна зьявілася дзякуючы сябрам, што запрасілі на акцыю салідарнасьці 16-га. Не, прыгадала, тое было раней: пра „іншую Беларусь“ я даведалася, калі ўпершыню пачула ў дзіцячым лягеры „Тры чарапахі“ пад гітару».

SlaDa 17:17, 24/03/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.526 seconds.