Кнігі, прачытаныя нашымі вушамі

Усё больш людзей па ўсім сьвеце «чытаюць вушамі»: аўдыёкнігі выціскаюць з паліцаў тоўстыя тамы друкаваных кніг. Можна не хвалявацца за зрок, чытаючы любімую кнігу ў транспарце, а слухаць яе, гледзячы ў вакно. І хаця кансэрватыўныя аматары літаратуры ўсё яшчэ закладаюць старонкі ўсім, што патрапіць пад руку, колькасьць тых, хто проста націскае «pause» i «play» павялічваецца.

Гісторыя і ідэя

Ідэя стварэньня аўдыёкніг зьявіліся ў ЗША. У 1931 годзе Кангрэс зацьвердзіў праграму «Books for the Adult Blind Project», каб дапамагчы людзям, якія з-за праблемаў са зрокам ня могуць чытаць. Першапачаткова кнігі выходзілі на вінілавых кружэлках і адна кніга магла займаць некалькі кружэлак. Пазьней зьявіліся магнітныя стужкі, CD і наш ўлюблёны mp3-фармат.

Даступнасьць і зручнасьць аўдыёкніг дазволіла ў хуткім часе істотна пашырыць кола спажыўцоў гэтай прадукцыі. А жыцьцё ў XXI стагодзьдзі стварыла ўсе ўмовы, каб людзі, пераважна моладзь, захапіліся гэтай вынаходкай у мэтах эканоміі свайго часу, і спалучэньня прыемнага з карысным. 

Аўдыёкнігамі абменьваюцца, ствараюцца бібліятэкі і выдавецтвы аўдыёкніг, іх прадаюць і набываюць.

Чытаць ці слухаць… слухаць ці чытаць…

Памылкова лічыць, што аўдыёкнігі замяняюць бездакорна друкаваныя творы. Аўдыёкнігі патрабуюць свайго часу, пэўных ўмоваў і немалой канцэнтрацыі. Ідэальны варыянт, як паказвае ўласны досьвед, слухаць кнігі ў грамадзкім транспарце — пераважна наземным — ці пад час доўгіх вандровак.

Той, хто ашчадна ставіцца да сваіх вушэй, наўрадці адважыцца пастаянна змагацца з шумным мэтро з дапамогай высокага гуку ў навушніках. Не раяць гэтага рабіць як мэдыкі, такі і ўсе інструкцыі па эксплуатацыі навушнікаў. У транспарце пры найлепшых абставінах і вольным месцы для сядзеньня ніхто і нішто не адцягвае ўвагі. Ня трэба хвалявацца, што заслухаесься пэўным эпізодам ці майстэрствам чытаньня (а калі слухаеш на замежнай мове, то думкамі над перакладам ці сэнсам словаў) і трапіш у непрыемную сытуацыю на дарозе, не пачуўшы, напрыклад машыны ці людзей. 

Калі знаходзіцца вольная хвілінка дома, то часта зьяўляецца жаданьне адкласьці плэер у бок, даць магчымасьць адпачыць вушам і загарнуцца ў плед, каб пачытаць кнігу ў пераплёце.

Двух зайцоў можна, канешне, злавіць, калі хапае спраў па дому і з кнігай у руках ніяк не справіцца, а праслухаць сама тое. 

Пра пэрспэктывы на рынку і некамэрцыйныя мэты

За апошнія гады выданьне аўдыёкніг у Заходняй Эўропе і Амэрыцы стала прыбытковым бізнэсам. Выдавецтвы спрабуюць набываць ня толькі правы на друк кніг, але і на іх агучваньне. Паводле падлікаў экспертаў даходы вядучых нямецкіх выдавецтваў аўдыёкніг у бліжэйшыя пяць год могуць падвоіцца ці нават патроіцца. Да прыкладу, «Der Hörverlag» у 2005 годзе меў таваразварот на 30% болей, чым у 2004 годзе і ён склаў 16 млн. эўра.

У гэтых краінах аўдыёкнігі можна знайсці ў продажы ад кнігарняў да прадуктовых і касметычных крамаў. Немалую ролю граюць Інтэрнэт-крамы. Даход ад спампаваньня аўдыёкніг можа дасягнуць хутка 2,6 мільярдаў эўра.

Сёньня аўдыёкнігі зьяўляюцца пасьпяховым прадуктам рынку. Але існуюць і праекты некамерцыйнага характару. Адзін з такіх — librivox.org. Гэты праект існуе праз працу валянтэраў з усяго свету, якія агучваюць самастойна кнігі ці разьдзелы кніг для іх далейшай апрацоўкі і выстаўляюць у Інтэрнэце для бясплатнага спампаваньня. У праекце можа прыняць ўдзел любы чалавек. Галоўнае, мець для працы кампутар, дыктафон і ўласна голас.

Аўдыёкнігі ў Беларусі

Пра сапраўдны рынак аўдыёкніг для пакупнікоў і вытворцаў у Беларусі гаварыць яшчэ зарана. Моладзёвага буму на аўдыёкнігі таксама пакуль не назіраецца, але попыт ёсьць. З нядаўняга часу зьявіліся і аўдыёкнігі па-беларуску. Гэтыя кнігі можна знайсці ў прыватных распаўсюднікаў, некаторых кнігарнях, музычных і ў інтэрнэт-крамах. Да прыкладу, knihi.net прапануюць на сёньня такія аўдыёкнігі па-беларуску:

  • «150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі»
  • Уладзімер Арлоў «Час чумы»
  • Сэрыя аўдыёдыскаў зь беларускімі народныім казкамі для дзяцей
  • Мікола Ермаловіч «Лісты. Выступы. Гутаркі. Вершы»
  • «Легенды і паданьні»
  • Джордж Оруэл «Фэрма. 1984»
  • Андрэй Хадановіч «Абменьнік»
  • Максім Багдановіч «Вершы»
  • Вольга Іпатава «Прадслава»
  • Іван Мележ «Палескія хронікі»
  • Якуб Колас «Сымон-музыка»
  • П’есы Янкі Купалы

І яшчэ адна прыемная навіна: нядаўна ў аўдыёфармаце выйшла кніга Ўладзіміра Арлова «Адкуль наш род». Сам аўтар прачытае нам пра вялікіх людзей Беларусі: і дарослым, і дзеткам будзе цікава даведацца болей пра Ўсяслава Чарадзея, Вітаўта, Эўфрасіньню Полацкую, Францішка Скарыну, Тадэвуша Касьцюшку, Кастуся Каліноўскага і многіх іншых.

Пры ўсёй мабільнасьці і імклівасьці нашага жыцьця можна і варта знаходзіць аргумэнты, каб чытаць кнігі. Напрыклад, не ўсе аўдыёкнігі зьмяшчаюць поўны варыянт арыгінала, а прапануюць скарочаны зьмест. Акрамя таго чытаньне разьвівае нашу зрокавую памяць і дапамагае правільнай артаграфіі. Прачытаная кніга на паліцы стварае куды большае ўражаньне, чым файл з тэчкі аўдыёкніг ці дыск. Хаця мая бібліятэка аўдыёкнігаў папаўняецца ў апошні час куды хутчэй, чым бібліятэка папяровых выданьняў :)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.