Дзень свабоды слова ў Інтэрнэце па-беларуску

Тое, як супрацоўнікі ДАІ спынялі нецьвярозага кіроўцу пры дапамозе «жывога шчыта», яшчэ не асьвятлялася друкаванымі СМІ, але літаральна ўзарвала байнэт. Над ДАІшнікамі жж-карыстальнікі зладзілі віртуальны народны суд з самымі экзатычнымі прапановамі расправы. У зьвязку з гэтым узгадваецца справа Савы Цярэнцьева — першы ў Расеі выпадак прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за камэнтар у ЖЖ. За эмацыйнае выказваньне ў бок супрацоўнікаў міліцыі сыктыўкарскаму музыку пагражае да двух год зьняволеньня. Наша закандаўства ў гэтым сэнсе яшчэ больш жорсткае.

Інтэрнэт — гэта ня толькі сродак масавай інфармацыі, але і сродак масавых камунікацый. Натуральна, што асабліва напружанымі і эмацыйнымі абмеркаваньні становяцца падчас надзвычайных здарэньняў. На інфармацыйных сайтах зьвесткі падаюцца афіцыйна, але камэнтары і абмеркаваньні часам прымаюць «куханны фармат».

Таму самы яркі прыклад — актыўнае абмеркаваньне дзеяньняў супрацоўнікаў ДАІ, якія спынялі нецьвярозага кіроўцу пры дапамозе кардону з выпадковых машын, у якіх былі людзі.

Хаця абмеркаваньне ідзе амаль суткі, Інтэрнэт — гэта пакуль адзінае месца, дзе праблема ўздымаецца. Гучаць прапановы кампаній салідарнасьці кіроўцаў, напрыклад, павесіць заўтра на антэны сваіх аўто чорныя стужачкі.

І хаця намесьнік начальніка УДАІ МУС Ігар Ваніцкі лічыць дзеяньні сваіх калег правільнымі, афіцыйная рэакцыя даволі разгубленая і няўпэўненая. Натуральна, што гэта яшчэ больш распальвае эмоцыі людзей.

На форуме ДАІ сярод даволі адэкватных заклікаў правесьці адкрыты для грамадзтва і СМІ суд і прапаноў міністру ўнутраных спраў пакінуць пасаду, ёсьць прынамсі 11 нявыдаленых мадэратам пажаданьняў сьмерці супрацоўнікам ДАІ, напрыклад, шляхам сярэднявечных катаваньняў. Больш таго, у камэнтарах можна знайсьці заклік да спальваньня супрацоўнікаў ДАІ — аналягічны таму, што пакінуў расейскі жж-карыстальнік terentyev год таму, выказваючы сваё эмацыйнае стаўленьне да супрацоўнікаў міліцыі.

У зьвязку з Днём свабоды слова ў Інтэрнэце расейскія і беларускія СМІ прыцягваюць увагу да Савы Цярэнцьева, хаця справа была накіраваная ў суд яшчэ тыдзень таму, 6 сакавіка.

21-гадовы музыка абвінавачваецца па Артыкуле 282 Крымінальнага кодэксу РФ «Узбуджэньне нянавісьці альбо варожасьці, роўна як прыніжэньне чалавечай годнасьці»: жарт быў расцэненым літаральна: «спальваньне» прынялі за «распальваньне сацыяльнай варожасьці» супраць міліцыянтаў.

SlaDa 15:51, 12/03/2008 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0673 seconds.