«Я ненавіджу палітычную карэктнасьць»

Чым можа пагражаць Галяндыі — краіне плюралізму ва ўсіх сфэрах — шматлікія антыісламскія заявы і фільм «Фінта» скандальнага ўльтраправага палітыка Гэрта Вільдэрса? Галяндзкае грамадзтва апынулася ў закладніках. Пытаньне: у каго? Гэрта Вільдэрса альбо свабоды слова, дэмакратыі? Альбо ў закладніках аднаго мільёну мусульман, што пражываюць у Нідэрляндах?

­

Гэрт Вільдэрс
Гэрт Вільдэрсб, фота з сайту Галяндзкай партыі свабоды

Гэрт Вільдэрс — кіраўнік Галяндзкай партыі свабоды (PVV), духоўны наступнік забітага ў 2002 ультраправага палітыка Піма Фортэйна.

Гэрт Вільдэрс адкрыта выступае за спыненьне «ісламізацыі» Нідэрляндаў: за прыпыненьне іміграцыі і дэпартацыю імігрантаў.

Нядаўна ён заявіў, што зьняў ролік «Фінта», дзе да гледача даводзіцца «фашысцкая прырода Карана». Фільм пакуль ніхто ня бачыў, ніводны канал не купіў на яго правы, няма яго і на сайце. Таму ёсьць меркаваньне, што «Фінты» насамрэч не існуе. Але канфлікт — цалкам рэальны.

«Галяндзкае грамадзтва ў закладніках у праварадыкальнага палітыка»

Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў сп-р Балкенэндэ выразіў занепакоенасьць ад імя ўсяго ўраду:

«Я не заклікаю Вільдэрса да якіхсьці дзеяньняў, але мяркую, што ён мусіць разабрацца са сваім сумленьнем і зразумець, у чым заключаецца ягоная адказнасьць».

Партыя свабоды мае дзевяць месцаў у парлямэнце, але аніводная іншая партыя не наважваецца ўступіць зь ёй у кааліцыю.

У той час, як карэннае насельніцтва Нідэрляндаў разважае над свабодаю слова, ісламскі сьвет сустрэў вестку пра «Фінту» радыкальнымі пратэстамі. Так, у Афганістане адбылася маніфэстацыя пад лёзунгамі «Сьмерць Даніі, сьмерць Галяндыі!».

З гэтай нагоды сваю занепакоенасьць выказаў генэральны сакратар НАТА — таксама галяндзец — Яап дэ Хоап Схэфэр. Ён лічыць, што паказ «Фінты» паставіць пад пагрозу кантынгент галяндзкіх войскаў у Афганістане.

У Даніі скандал узьнік з-за надрукаваных у СМІ карыкатур на прарока Мухамада. У Галяндыі ж большасьць СМІ выступае з асуджэньнем паказу «Фінты». Рэдакцыя газэты «Фолькскрант» камэнтуе:

«Галяндзкі ўрад мусіць адмежавацца ад Вільдэрса і растлумачыць ісламскай супольнасьці, што фільм „Фінта“ выражае ўсяго толькі прыватную кропку гледжаньня папулісцкага эксцэнтрыка».

Адкрыты ўрок дэмакратыі па Вальтэру

Вальтэраўскі прынцып «я магу не пагаджацца з вашым меркаваньнем, але зраблю ўсё, каб вы маглі яго выказаць» узгадаў толькі лідэр дэмакратычнай партыіі D66, ад якой толькі тры дэпутаты ў парлямэнце. Па меркаваньні Аляксандра Пэхтальда, гісторыя з «Фінтай» можа стаць для ісламскага сьвету адкрытым урокам эўрапейскай дэмакратыі.

Пэхтальд не падзяляе поглядаў Вільдэрса, але заклікае лідэраў усіх эўрапейскіх дзяржаваў стаць на абарону свабоды слова.

«Пратэсты, якія выбухнулі ў Даніі, сьведчаць, што гэта праблема можа закрануць любую краіну ў Эўропе. На самой справе, мы мусім выступіць адзіным фронтам. Дэмакратыя і свабода слова — эўрапейскія вынаходніцтвы. Але сёньня падаецца, што асобныя краіны Эўропы вымушаныя абараняць гэтыя дасягненьні па-асобку», — заявіў Аляксандр Пэхтальд.

Адплата за вобразы

Заходняе, прынамсі, эўрапейскае грамадзтва прызвычаілася спакойна ставіцца да візуальных вобразаў, абстрагавацца ад закрананьне табуіраваных тэмаў. У ісламскім грамадзтве вобразы ўспрымаюцца надта хваравіта.

Прыклады такой рэакцыі: у той жа Галяндыі была сэрыя забойстваў на рэлігійнай глебе.

Так, настаўнік Вільдэрса Пім Фортэйн быў забіты ў 2002. Забойца — прадстаўнік радыкальнай экалягічнай групы Ван дэр Грааф. Ён нібыта помсьціў Піму за словы ў абарону шуб з натуральнага футра. Але на судзе высьветлілася, што Ван дэр Грааф абараняў інтарэсы галяндзкіх мусульмам.

У 2004 ад рукі ісламскага фундамэнталіста загінуў рэжысэр Тэа Ван Гог, аўтар антыісламскага фільму «Пакорнасьць». Краіну прыйшлося пакінуць змагарцы за правы ісламскіх жанчын і сааўтарцы Ван Гога, дэпутатцы парлямэнту Хірсы Алі

«Я ня веру ва ўмераны іслам. Можа, ён і стане ўмераным, але гэта адбудзецца праз некалькі тысяч год. А мы ня можам столькі чакаць», — лічыць Вілдэрс.

Хрысьціянства ўжо прайшло гэты шлях. З апошняга: прафэсар Іерусалімскага ўнівэрсытэту лічыць, што прарок Маісей знаходзіўся пад уплывам наркотыкаў, калі атрымаў 10 запаветаў. Тое, што ключавую фігуру адной з сусьветных рэлігіяў нараклі наркаманам, не выклікала ніякіх хваляў пратэстаў альбо перасьледу таго, хто выказаў такое меркаваньне.

Натуральна, што любая рэлігія ахоўвае свае сьвятыні і балюча ставіцца да блюзьнерства. Прыгадаем гісторыі з фільмамі «Жарсьці Хрыстовы» ці «Код да Вінчы». Рэакцыя з боку царквы была, і была рэзкай, але не радыкальнай. Больш таго, фільм Марціна Скарсэзы «Апошняе спакушэньне Хрыста» з бюджэтам у 7 мільёнаў даляраў атрымаў «Оскара» за рэжысуру. А скандал, які гэты фільм выклікаў у хрысьціянскіх колах, толькі яшчэ больш падвысіў ягоную папулярнасьць.

Пакуль невядома, які лёс напаткае «Фінту». На сайце Гэрта Вільдэрса ідзе галасаваньне. Па ягоных выніках, больш за 70% наведнікаў лічаць, што фільм паказаць варта, і толькі 2% супраць паказу.

Як трапна заўважыў лідэр D66 Аляксандр Пэхтальд, гэтая праблема можа закрануць любую краіну Эўропы. І Беларусь тут не выключэньне, але ўнікальны выпадак. За перадрукоўку карыкатур на прарока Мухамэда, беларускаму журналісту Аляксандру Зьдзьвіжкову прысудзілі 3 гады турмы. Пры тым ніякіх пратэстаў з-за апублікаваньня ў газэце «Згода» карыкатур ня было. За ісламскі сьвет пакрыўдзіся беларускі ўрад. І хаця прысуд потым зьмянілі на 3 месяцы, па сваёй жорсткасьці ён абышоў нават мусульманскія краіны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1563 seconds.