Чытаем з густам — нацыянальным

Нават у часы глябалізацыі і пераможнага шэсьця па плянэце Гары Потара, кожная краіна мае свае літаратурныя густы. У якіх краінах папулярнасьцю карыстаюцца кулінарныя кнігі, а дзе скупаюць грамадзянскія кодэксы? І ці моцна беларусы адрозьніваюцца ад іншых нацыянальнасьцяў па сваіх літаратурных густах?

Інтэрнэт-крама Amazon склала топ-лісты самых папулярных кніжак па продажах праз нацыянальныя аддзяленьні крамы (ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя, Японія).

 

Лідэрам у ЗША, Вялікабрытаніі і Нямеччыне стаў, што не зьдзіўляе, раман Джоан Роўлінг «Гары Потар і дары сьмерці». Але далей па сьпісах назіраюцца істотныя адрозьненьні.

Так, брытанцаў, акрамя Гары Потара, вабяць кулінарныя кніжкі. Відаць, пакуль ангельскія лэдзі гаспадараць на кухні, джэнтэльмэны бавяць час за кур’ёзнымі гісторыямі — кніжкі кшталту «Ці ёсьць у мурашоў анус? І яшчэ 101 абсалютна бязглуздае пытаньне» таксама патрапілі ў 10-лепшых. Ёсьць там і колькі раманаў.

Французы больш выкшталцоныя ў сваіх літаратурных густах: яны аддаюць перавагу мастацкай літаратуры. А яшчэ — коміксам. Патрапілі ў нацыянальны рэйтынг Amazon і дапаможнікі па фітнэсу.

Амэрыканцы ніколі не спыняюцца ў самаўдасканальваньні: таму ў нацыянальным рэйтынгу апынулася ажно 5 кніг пра тое, як дасягнуць посьпеху ў самых розных сфэрах. У амэрыканскі кніжкі кошык — плюс адна кулінарная, два раманы і культавая «The Dangerous Book for Boys».

Немцы любяць кніжкі пра вандроўкі, а таксама казачныя гісторыі. Пры чым, ня толькі пра прыгоды Гары Потара, але і казкі айчыннай пісьменьніцы Карнэліі Фукэ. А яшчэ самая пунктуальная нацыя скупае насьценныя календары і… Грамадзянскі кодэкс.

Цікава, ці пасьпеў наш беларускі Зьміцер Вайцюшкевіч адчуць нацыянальныя літаратурныя перавагі японцаў — ён якраз вярнуўся зь японскіх гастроляў. Першыя два радкі нацыянальнага рэйтынгу Японіі займаюць кнігі пра масаж твару і карысныя трэніроўкі. Далей тры пазыцыі за коміксамі манга. Відаць, на радзіме сушы істотна і дзе іх есьці: сярод лепшых кніг краіны — каталёг рэстарацый Токіё Michelin. Ёсьць у сьпісе і навукова-папулярная кніга пра вірусы.

 

Беларусы не асабліва карыстаюцца Amazon, але ж кнігі праз Сеціва таксама замаўляюць, напрыклад праз інтэрнэт-краму Oz.by. Паводле статыстыкі на гэтым сайце, бэстсэлерамі ў Беларусі за апошні месяц сталі новыя Правілы дарожнага руху, кніжка ў тонкай вокладцы зь інтрыгуючым назовам «Падсьвядомасьць можа ўсё!» (Джон Кехо), а таксама «300 трохвілінных разьвіваючых гульняў для дзяцей ад 3 да 5 год».


 

Беларускамоўныя чытачы цікавяцца навінкамі: «Віня Пых», «Малы і Карлсан-з-даху» і «Кнігарня Нашай Нівы» — даведаўся Generation.by на кніжнай выставе.

SlaDa 20:18, 06/03/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.318 seconds.