У Год бульбы ўзгадалі яе радзіму

У лідэраў па спажываньні бульбы — беларусаў — зьявіліся сур’ёзныя канкурэнты. На радзіме гэтай гародніны ў Год бульбы плянуецца вярнуць традыцыйны прадукт у кожную хату і вывесьці на міжнародны рынак.­

 

Радзімай бульбы зьяўляецца Пяру, дакладней Альтыпляна — тэрыторыя сучасных Пяру і Балівіі. Тысячагодзьдзямі бульба складала аснову рацыёну народаў Андаў. І па сёньняшні дзень у Пяру каля 2800 відаў бульбы — больш, чым у любой іншай краіне.

Наўрад ці якая гародніна была прадметам такой жарсьці і паэзіі, як бульба. Карнавал, стракатыя касьцюмы, традыцыйныя танцы і музыка — у гонар бульбы. І ўсё гэта пад вокліч «la papa es Peruana» — «Бульба — пэруанка».

Як сталася, ня кожны памятае гэта са школьнай праграмы. Міністар сельскай гаспадаркі Пяру Ізмаіл Вэнавідэс распавядае:

«Калі я прыехаў у ААН на абвяшчэньне 2008 Міжнародным годам бульбы, нейкі чалавек з Усходняй Эўропы, падаецца, Украіны, сказаў мне, што нават не ўяўляў, што бульба родам зь Пяру. Я зразумеў, што час нагадаць пра нашае месца». 

Аднак, нягледзячы на традыцыю, спажываньне бульбы скарацілася на палову ў некаторых эўрапейскіх краінах. Шмат хто з пэруанцаў перайшоў на рыс і збожжа.

Але сытуацыя на сусьветны рынку вяртае пэруанцаў да іх спрадвечнай ежы: кошты на хлеб і зерне растуць, таму бульба застаецца самым даступным прадуктам харчаваньня.

Так, кіляграм хлеба з бульбы каштуе 1,16 даляры, а кіляграм звычайнага хлебу — 1,84 даляры. Пры тым кіляграм бульбы можна набыць за 0,23 даляры

Таму маркетолягі краіны робяць усё, каб вярнуць пэруанцаў да таннага і традыцыйнага прадукту. Пры тым, што 80% збожжа імпартуецца, вырошчваньне бульбы зможа дапамагчы змагацца з галечай.

Пэруанскі ўрад плянуе вывесьці сваю бульбу і на міжнародны рынак. Разнастайнасьць колераў і формаў, арганічнасьць, вітаміны, амінакіслоты — вось канкурэнтныя перавагі пэруанскай бульбы ў параўнаньні зь белай, якую можна знайсьці ў кожнай беларускай хаце.

Фота AFP

SlaDa 12:40, 29/02/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.